Міліцыя нарабіла памылак ў справе завадатараў “прагулкі дармаедаў” і выклікала іх зноў

Каля чатырох гадзін дня кіраўніку АГП па Магілёўскай вобласці ўручылі позву на яўку ў Ленінскі РАУС. Мясцоваму лідэру БХД Алегу Аксёнаву на дадзены момант позву яшчэ не ўручылі, але званок з міліцыі ўжо быў.

9 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На здымку – Шанцаў выходзіць пасля размовы з маёрам Слаўнікавым 9 сакавіка


Раней Уладзіміра Шанцава і Алега Аксёнава ўжо “тузалі” ў райаддзел ў якасці асобаў, супраць якіх вядзецца справа аб адміністрацыйным правапарушэнні за арганізацыю незаконнага масавага мерапрыемства – “прагулкі дармаедаў“. 

Аксёнаву так і не змаглі выдаць позву – па словах хрысціянскага дэмакрата, міліцыянты чакалі яго дома пару гадзін, аднак так і не дачакаліся.

Калі я вярнуўся дадому, ужо нікога не было, – паведаміў Алег Аксёнаў.

У адрозненне ад калегі, Уладзімір Шанцаў ў Ленінскі РАУС з’явіўся, аднак так і не зразумеў, для чаго яго выклікалі:

– Я не зразумеў сэнс, навошта мяне выклікалі. Магчыма, хацелі сарваць наш сход, які быў прызначаны на 6 гадзін. Заўтра (10 сакавіка) маёр Яўген Слаўнікаў чакае мяне зноў – у тры гадзіны. Для чаго – не ўяўляю. Як я зразумеў, суд не прыняў справу, таму што там вельмі шмат дробных недахопаў. Ён сказаў, што дапусцілі памылкі ў трактоўцы закона аб масавых мерапрыемстваў. Яшчэ спаслаўся на тое, што гарвыканкам пазначыў нам месца, дзе дазволена праводзіць акцыі. Я яму на гэта адказаў, што БРСМ можа праводзіць свае мерапрыемствы на Ленінскай і мы можам. Чаму адным можна, а іншым нельга?

Магілёўскі лідэр АГП, паводле яго слоў, не губляе пільнасці і гатовы да любых наступстваў – і да 15 сутак, і да шматмільённага штрафу. У любым выпадку, як запэўніў палітык, «Марш недармаедаў» 15 сакавіка застаецца ў сіле:

– Мы правядзем яго ў любым выпадку. Дэкрэт №3 павінен быць адменены ў поўным аб’ёме, без мараторыяў або зменаў. Інакш атрымаецца, як з прадпрымальнікамі – там таксама мараторылі-мараторылі, у выніку ўсё павісла ў паветры.

Палітык лічыць, што нават арышт арганізатараў «Маршу» не стане падставай для яго адмены:

Пратэст народны ніхто не спыніць. Мы можа былі толькі той іскрай, якая ўсё падпаліла. А народ – не спыніць, – заявіў Шанцаў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў