Праваслаўныя бамбяць оперу ў Мінску праз “Вячэрні Магілёў”


СОЦЫУМ / Thursday, September 13th, 2018

Оскар Уайлд – не вялікі пісьменнік, а заганны гей; парушаць аўтарскія правы Бога нельга; ва ўсім вінаватыя ірады і юды, трохі расізму – і гэта яшчэ не ўсё.

13 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


9 і 10 верасня ў Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску павінна была адбыцца прэм’ера оперы «Саламея» рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ, створанай на аснове аднайменнай п’есы англійскага класіка Оскара Уайльда.

У цэнтры сюжэту пастаноўкі – гісторыя пакарання прарока Яна Хрысціцеля. Паводле легенды, царэўна Юдэі Саламея выканала перад царом Ірадам танец, пасля якога той паабяцаў выканаць любое яе пажаданне. Царэўна папрасіла падарыць ёй галову Яна Хрысціцеля на срэбранай талерцы, з-за чаго прарока пакаралі смерцю.

1 верасня працаркоўныя выданні апублікавалі адкрыты ліст, у якім праваслаўныя вернікі заклікалі забараніць оперу. У выніку паказ перанеслі на кастрычнік.

Не застаўся ў баку і “Вечерні Магілёў” – ужо пасля пераносу спектакля там 12 верасня ў друкаванай версіі апублікавалі адкрыты ліст вернікаў, прычым куты не згладжвалі.

У тэксце падкрэсліваецца, што з операй цесна звязаны ЛГБТК – перакладчык Альфрэд Дуглас, ілюстратар Обры Бёрдслі і іншыя. Аўтар і пісьменнік Оскар Уайльд увогуле названы «заганным геем».

Сама опера завецца грубым скажэннем біблейскай гісторыі і карыкатурай на прарока Яна Хрысціцеля.

­ – Ян Хрысціцель паказваецца як ахвяра любоўнай страсці і капрызу стрыптызёршы-садысткі, – абураюцца вернікі.

Яны адмаўляюць рэжысёру ў праве на ўласнае прачытанне. На іх думку, аўтар усіх кніг Святога Пісання Гасподзь Бог і парушаць яго аўтарскія правы нікому не дадзена.

Не абышлося без расісцкіх намёкаў. Гнеў аўтараў тэксту выклікаў той факт, што народ (нацбольшасць) утрымоўвае трупу тэатра, а некаторыя з кіраўніцтва тэатра (нацменшасць) ставяць блюзнерскія творы мастацтва.

У выніку падпісанты прыходзяць да высновы, што ў Беларусі патрэбны аналаг скандальнага расійскага закона «Аб абароне пачуццяў вернікаў».

Сярод тых, хто падпісаўся, мноства магілёўцаў. Названы імёны Алега Бычкова, Канстанціна Старажэнкі, Віктара Клінцова. Самым вядомым у спісе з’яўляецца “праваслаўны лекар-псіхіятр” Мікалай Лайша. У красавіку 2018 году ён адкрыта выступіў супраць квір-фестывалю DOTYK, а таксама перыядычна крытыкуе святкаванне замежных святаў у Беларусі.

Акрамя адкрытага ліста, “Вячэрні Магілёў” у гэтым жа нумары апублікаваў яшчэ адну нататку, прысвечаную “Саламеі» – “Юды і Ірады XXI стагоддзя”.

Падпісаная яна ад імя «магілёўцаў» і патрабуе не перанесці оперу, а цалкам забараніць. Акрамя гэтага, выказваецца незадаволенасць пазіцыяй Беларускай праваслаўнай царквы, якая не выступіла за канчатковую забарону пастаноўкі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *