Заступніцтва Amnesty International за асуджанага Эміля Астраўко пакуль не дапамагло. А можа і стала прычынай такога абыходжання. Уся надзея цяпер – на апеляцыю.

7 лютага. Магілёў-Бабруйск. Саша Мінько


31 студзеня суддзя Бабруйскага суда Віялета Закржэўская адмовіла Эмілю Астраўко ў задавальненні яго скаргі. Бок заяўніка цяпер рыхтуе апеляцыю. Для гэтага ёсць час да 15 лютага. Паўторны разгляд справы адбудзецца ў Магілёўскім абласным судзе.

ШКОЛЬНІК СЕЎ НА 10 ГАДОЎ

На момант затрымання Эміль Астраўко вучыўся ў 11 класе сярэдняй школы. У 2018 годзе хлопец быў асуджаны па частцы 4 артыкула 328 КК (Незаконны абарот наркотыкаў у складзе арганізаванай групы) да 10 гадоў пазбаўлення волі. Але дзякуючы настойлівасці маці і зусім не відавочным доказам з боку следства, прысуд быў абскарджаны, і частка 4 была заменена на ч.3 (распаўсюджванне групай асоб).

Адпаведна тэрмін зняволення быў зменшаны на два гады, а пасля абвяшчэння амністыі летам мінулага года з’явілася магчымасць знізіць тэрмін яшчэ на два гады дзякуючы зніжэнню ніжняга парога пакарання. Такім чынам, прысуд хлопцу быў скарочаны да шасці гадоў, а ўлічваючы, што два гады ён ужо адседзеў, то неўзабаве ён мог бы выйсці на волю.

Гэтага патрабуе і міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, якая чатыры месяцы таму зноў пачала кампанію ў абарону непаўналетніх асуджаных у Беларусі.

Міжнародная супольнасць лічыць, што Астраўко, як і яго равеснікі, у непаўналетнім узросце быў арыштаваны за «нязначнае негвалтоўнае злачынства, звязанае з наркотыкамі». Да таго ж Эміль пакутуе на астму і мае патрэбу ў лячэнні:

Бабруйскія закладнікі-328: Amnesty International зноў распачала кампанію ў абарону непаўналетніх вязняў

Амаль усе непаўналетнія асуджаныя па артыкуле 328 КК выйшлі на волю па амністыі яшчэ ў мінулым жніўні. Не пашанцавала толькі «злосным парушальнікам» – тым падлеткам, якія ў калёніі атрымалі па тры спагнанні. Аспрэчыць іх праз суд і паспрабаваў Эміль Астраўко з дапамогай маці ў якасці законнага прадстаўніка, актывісткі грамадскага «Руху Маці-328» Юліі Астраўко.

У БАБРУЙСКАЙ КАЛОНІІ ДЛЯ ПАДЛЕТКАЎ СТАЛЕЦЬ НЕВЫГАДНА

Усе пастановы аб прымяненнi мер спагнання былі накладзеныя на хлопца ў бабруйскай выхаваўчай калоніі №2 для непаўналетніх, куды ён быў этапаваны са следчага ізалятара ў лістападзе 2018 года.

У дадзены момант Эміль Астраўко знаходзіцца ўжо ў дарослай ПК-2 Бабруйска, куды яго ў ліпені мінулага года тэрмінова перавялі пасля першай акцыі Amnesty International. Пра тое, як адміністрацыя ВК-2 вырашыла пазбавіцца ад лішняга галаўнога болю, мы ўжо пісалі. Каб непажаданага перавесці ў дарослую калонію па дасягненні 18 гадоў, яго і робяць «злосным парушальнікам».

Руководство бобруйской колонии для несовершеннолетних пробует избежать ответственности? Срочно перевели парня, за которого вступились правозащитники

Характэрна, што ў кіраўніцтва дарослай калоніі ніякіх прэтэнзій да Эміля Астраўко няма. Па версіі кіраўніцтва дарослай ПК-2, ён стаў на шлях выпраўлення. Усе праблемы тычацца знаходжання Эміля Астраўко менавіта ў выхаваўчай калоніі для непаўналетніх, якой кіруе сумна вядомы падпалкоўнік Маслюкоў. Пра яго шмат цікавага распавёў экс-палітвязень Мікалай Дзядок:

Маты, плевание семечками и ноги на столе для еды. Вы удивитесь, узнав, кто командует детской колонией в Бобруйске

Не абыйшлося без інцыдэнту і на гэты раз. Кіраўніцтва ВК-2 для непаўналетніх прысутнічала на судзе ў якасці адказчыка. Так таго патрабуе закон. Але, мяркуючы па ўсім, для афіцэраў сістэмы выканання пакаранняў быць самім у гэтай ролі – гэта ў навіну.

Сяргей Маслюкоў шакаваў ўсіх – у зале суда ён раптам стаў забараняць грамадзянам фотаздымку і запатрабаваў назваць прозвішчы прысутных, не маючы на ​​гэта аніякай права. Суддзя была вымушана патлумачыць начальніку выхаваўчай калоніі, што на адкрыты працэс у Рэспубліцы Беларусь можа прыйсці хто заўгодна, а яго ўлада канчаецца за плотам ВК-2.

Акрамя таго, даючы паказанні, Сяргей Маслюкоў дэ-факта прадэманстраваў, што не валодае сітуацыяй у калоніі. Ні на адно пытанне ён сам адказаць не змог, і толькі тлумачыў да каго трэба звярнуцца з яго падначаленых за інфармацыяй.

Але і ў адносінах да Эміля Астраўко суд распарадзіўся жорстка. Хадайніцтва аб асабістай прысутнасці юнага вязня на судовым працэсе было адхілена. Таму ні на адно з пасяджэнняў (усяго іх было два) хлопца не даставілі.

Што ж тычыцца сутнасці парушэнняў, то высветлілася, што Эміль Астраўко ў першы раз быў пакараны за недастаткова кароткую прычоску і легкую няголенасць, у другі – працаваў у прамзоне без сродка абароны (маскі), а ў трэці – за лаянкавыя словы ў адрас супрацоўніка папраўчай установы . Аспрэчваў асуджаны толькі першыя два спагнанні.

22 РУКАМЫЙНІЦЫ НА 70 ПАДЛЕТКАЎ

Як пацвердзілі ў судзе самі супрацоўнікі ВК-2, атраду з 70 чалавек, у якім адбываў пакаранне Эміль Астраўко, трэба было памыцца, пагаліцца і пастрыгчыся, выкарыстоўваючы ўсяго 22 рукамыйніцы. На гэта адведзена толькі 25 хвілін часу – афіцыйна з 06:35 да 7:00. Пры гэтым паняцце «кароткая стрыжка», пазначанае ў Правілах унутранага распарадку калоніі, нідзе не рэгламентавана. На інфармацыйным стэндзе калоніі ёсць толькі ўзоры прычоскі ў выглядзе малюнка, але аб даўжыні валасоў нідзе згадак няма.

Што да другога спагнання, то Эміль Астраўко пакутуе бранхіяльнай астмай, таму ніякіх масак насіць не можа, хлопец проста задыхаецца. Больш за тое, як сцвярджае Юлія Астраўко, яе сын наогул не павінен быў з’яўляцца ў прамзоне з такім захворваннем. Там, нагадаем, маладыя людзі рукамі выцягваюць корд з аўташын, здабываючы гуму.

Пры станоўчым сыходзе справы (мінус яшчэ два гады па амністыі) Эміль Астраўко мог бы мець права выйсці на волю па УДВ (умоўна-датэрміновае вызваленне) літаральна заўтра. Толькі прадузятае стаўленне адміністрацыі выхаваўчай калоніі №2 да яго маці пакуль не дазволіла гэта зрабіць.

У судзе было прадэманстравана дзіўнае відэа: Эміль Астраўко на камеру адказвае на пытанні кіраўніцтва ВК-2 і адмаўляе наяўнасць праблем. А ўсе пытанні, як аказалася, былі ўзятыя са скаргаў Юліі Астраўко на ўмовы ўтрымання яе сына. Тады ж, дарэчы, з’явіліся і тры спагнанні запар – мабыць, у адказ на скаргі маці. Такая вось помста “выхаваўчай” калоніі.

Зараз уся надзея на Магілёўскі абласны суд.