“Мець гендэрную роўнасць па Канстытуцыі не азначае забяспечваць яе рэальна”

Гісторыя гендэрнай ініцыятывы “Ружа”, як прыклад таго, наколькі цяжка ў Беларусі абараняць правы, калі дзяржава адмаўляецца бачыць парушэнні.

18 студзеня. Магілёў. Якуб Корсак


Летась у Магілёве адбыўся ўстаноўчы сход гендэрнай ініцыятывы “Ружа”, якая вырашыла пераўтварыцца ў арганізацыю, каб садзейнічаць у забеспячэнні роўных правоў і магчымасцяў мужчынам і жанчынам, выкараняць дыскрымінацыю па прыкмеце пола, а таксама садзейнічаць у развіцці сацыяльных і асабістых патрэбаў жанчын і мужчын у грамадстве. Аднак зарэгістраваць арганізацыю так і не атрымалася.

Гендэрныя страсці

Устаноўчы сход арганізатары правялі ў будынку “Тэхнапарка”, дзе прысутнічала патрэбная колькасць прыхільнікаў для стварэння арганізацыі. Быў зацверджаны Статут арганізацыі, абрана кіраўніцтва і распачата падрыхтоўка дакументаў для рэгістрацыі аб’яднання ў галоўным ўпраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама.

Сярод выправімых дробных недакладнасцяў аблюст вырашыў падрэзаць на старце яшчэ неўзыйшоўшы стружань будучай “Ружы” і выдаў фармулёўкі, у адпаведнасці з якімі не ўсе палажэнні Статута адпавядаюць заканадаўству .

Напрыклад, адна з заяўленых мэтаў арганізацыі: “выкараненне дыскрымінацыі па прыкмеце пола” не можа адносіцца да кампетэнцыі грамадскага аб’яднання, бо Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гарантыі аб роўнасці правоў грамадзян забяспечваюцца ўпаўнаважанымі на тое дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства.

У адказе таксама адзначалася, што Канстытуцыя гарантуе роўныя правы мужчынам і жанчынам, а заканадаўства прадугледжвае меры па забяспячэнні роўных правоў мужчын і жанчын. Прызнанне ў Беларусі дыскрымінацыі па прыкмеце пола не адпавядае нормам аб роўнасці жанчын і мужчын, якія замацаваны на заканадаўчым узроўне.

Іншымі словамі рэгістрацыяй дадзенай арганізацыі ўлада прызнавала бы наяўнасць у грамадстве дыскрымінацыі і адсутнасці роўнасці палоў, а так – няма арганізацыі, няма і гендэрных праблем.

Судовыя справы

Незадаволеныя такім станам рэчаў актывісты “Ружы” падрыхтавалі пазоў у Магілёўскі абласны суд, а пасля абскардзілі рашэнне абласнога суда ў Вярхоўным судзе, які так і не ўбачыў прычын, паводле якіх павінна пабачыць свет новая грамадская арганізацыя.

Сваімі рашэннямі судовая сістэма ўскосна пацвердзіла пазіцыю прадстаўнікоў выканаўчай улады, у адпаведнасці з якой у краіне не існуе дыскрымінацыі па прыкмеце пола. Калі Канстытуцыя гарантуе роўныя правы для мужчын і жанчын – якія тут могуць быць пытанні?

Тым не менш, адмова ў рэгістрацыі “Ружы” была ўключана ў альтарнатыўную справаздачу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ад Беларусі і агучана на сесіі камітэта па дыскрэмінацыі жанчын у Жэневе ў кастрычніку мінулага года.

Зараз актывісты ініцыятывы рыхтуюць наглядную скаргу ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Калі і яна не стане на бок грамадскіх актывістаў, то апошняй інстанцыяй для скаргі застанецца Камітэт па Правах чалавека ААН. Хоць рашэнні дадзенага камітэта маюць рэкамендацыйны характар і дзяржавы, якія ўваходзіць у ААН, могуць не выконваць гэтыя рэкамендацыі (што і робіць Беларусь) – станоўчыя рашэнні на карысць грамадзян і арганізацый маюць псіхалагічную перамогу, якія сведчаць пра тое, што Беларусь адстае ад агульначалавечых нормаў і стрымлівае рэалізацыю правоў чалавека сваім унутраным заканадаўствам, альбо ігнаруе выкананне ўжо прынятых законаў.

Алена Барысава з каляскай

Лідарка “Ружы” Алена Барысава лічыць, што дзяржава заплюшчвае вочы на праблемы роўнасці палоў і не жадае бачыць праблемы, якія ляжаць на паверхні.

– Не сакрэт, што адмова ў рэгістрацыі нашага аб’яднання з’яўляецца палітычнай. У Беларусі не тое, што дзейнасць у гэтым напрамку не вітаецца – нават артыкуляцыя праблемы гендэрнай няроўнасці ва ўлады выклікае раздражненне. Адна справа мець прапісаную ў законах і Канстытуцыі роўнасць палоў, зусім іншая – рэальна забяспечваць гэтую роўнасць, – кажа Алена Барысава.

Парадзіхі, якія хочуць лепшых умоваў

Пакуль ішлі судовыя разбіральніцтвы за права “Ружы” мець сваё месца пад сонцам, актывісты ініцыятывы распачалі інфармацыйную кампанію “За паляпшэнне якасці абсугоўвання парадзіх у магілёўскіх радзільнях”.

Шматлікія звароты жанчын, іх уласныя гісторыі родаў, а таксама статыстычныя дадзеныя аб якасці абслугоўвання не пакідаюць актывістаў ініцыятывы абыякавымі – працаваць яшчэ ёсць над чым і для гэтых мэтаў на грамадскім полі павінна расці не адна такая “Ружа”.

– У нас працуе грамадская прыёмная, куды можа звярнуцца кожная жанчына і атрымаць юрыдычную і псіхалагічную дапамогу. У выпадку патрэбы мы рыхтуем звароты да чыноўнікаў і па выніках гэтых зваротаў ужо маем шэраг станоўчых адказаў. Мы акцэнтуем увагу на практыктычных зменах, якія часам не заўважаюць ні медыкі, ні чыноўнікі, аднак, гэтыя дробязі дастаўляюць жанчынам шмат нязручнасцяў і пакутаў, – кажа Алена Барысава.

Лідарка “Ружы” адзначае, што вынікі кампаніі будуць падведзены пад час выніковага круглага стала, які адбудзецца ў канцы вясны. На ім будуць прэзентаваны зборнік гісторый парадзіх, вынікі апытання, а таксама інфармацыя пра змены у сістэме арганізацыі родаў шляхам зваротаў да чыноўнікаў і медыкаў.

Пакуль жа з гісторыямі парадзіх, якія рыхтуюць актывісты “Ружы” можна азнаёміцца на сайце radziny.by у раздзеле “Праект перамен”.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў