Што рабіла магілёўская “Спадчына” у Смаленску? І хто гэта?

29 сакавіка. Магілёў-Смаленск. Саша Мінько


З 22 па 24 сакавіка 2019 г. у Смаленску філіял Расійскага саюзу моладзі супольна з Вайскова-патрыятычным цэнтрам “Вымпел” правялі расійска-беларускі адукацыйны семінар “Патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі: праблемы і перспектывы“. Як мы ўжо паведамлялі, спіс заяўленых экспертаў выклікаў пытанні яшчэ на этапе падрыхтоўкі.

Расійскія сілавікі і «крымнашаўцы» будуць вучыць беларусаў патрыятызму ў Смаленску

Гасцям форума была абяцана сустрэча з даверанай асобай Уладзіміра Пуціна, кіраўніком вайскова-патрыятычнага цэнтра “КУОС-Вымпел” Святаславам Амельчанкам – зацятым прыхільнікам анексіі Крыма, не прызнанай Беларуссю і міжнароднай супольнасцю. Яго арганізацыя праводзіць на паўвыспе актыўную дзейнасць.

Смаленскае Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў на сваіх старонках у сацсетках, але без публікацыі інфармацыі на афіцыйным сайце, агучыла некаторыя дэталі гэтага мерапрыемства.

На семінары прадстаўнікі дзяржаўных расійскіх устаноў і грамадскіх аб’яднанняў з РФ і Беларусі абмеркавалі асаблівасці арганізацыі вайскова-патрыятычных клубаў, тэхналогіі выкарыстання сацсетак у сваёй дзейнасці, а таксама спецыфіку грантавай палітыкі ў Расійскай Федэрацыі.

Іншымі словамі – як ствараць “пра-мілітары” арганізацыі для дзяцей, як прасоўваць праз сусветную сетку інфармацыю пра іх і дзе браць грошы на такую дзейнасць. Каб было зразумела, чым займаецца “Вымпел” дастаткова зірнуць на гэта фота з іх афіцыйнай старонкі.

Апроч “Вымпела” досведам працы падзяліліся прадстаўнікі расійскага вайскова-патрыятычнага грамадства “КЛЁН” і магілёўскага Сацыяльна-культурнага грамадскага аб’яднання “Спадчына”.

Без узгадвання пэўных імёнаў, смаленскае агенцтва, закліканае прасоўваць “мяккую сілу” Расіі ў свеце, адзначае, што прадстаўнікі “Спадчыны” адзначылі важнасць “узаемадзеяння дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый з мэтай умацавання саюзнай інтэграцыі Беларусі і Расіі”.

Каардынацыя такой дзейнасці на ўзроўні грамадзянскай супольнасці ўжо нібы даўно наспела, і грамадзянскія ініцыятывы павінны вызначыць механізмы ўзаемадзеяння і супрацы, а не ствараць чарговыя нагоды для канфліктаў.

Далей хэштэгамі былі пералічаны самі ініцыятывы: #БеларусьПомнит, #БессмертныйПолк, #ЯблоневыйЦвет, #ГеоргиевскаяЛента і #ГвардейскаяЛента. Характэрна, што літаральна праз тры дні пасля гэтага семінару ў Смалеске мінскі гарадскі суд у трэці раз адмовіў у афіцыйнай рэгістрацыі грамадскаму з’яднанню “Бессмертный полк”.

МАГІЛЁЎСКАЯ “СПАДЧЫНА”. ХТО ГЭТА?

Калі верыць сайту таварыстваў расійскіх суайчыннікаў у Рэспубліцы Беларусь “Разам з Расіяй”, сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне “Спадчына” было зарэгістравана ў студзені 2017 года і яго кіраўніком з’яўляецца старэйшы выкладчык кафедры гуманітарных дысцыплін Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ) Віталь Арцёмчык. Ён жа пазначаны, як адзін з мадэратараў старонкі СК ОО “Спадчына” ў сацсетках.
Яго пасада – старшыня рады арганізацыі. Таксама з ім да мадэрацыі старонкі маюць дачыненне сакратар рады Ірына Хадкевіч, месцам працы якой таксама пазначаны БРУ, Міхал Новікаў і Мікіта Зірко.

Фота з сацыяльных сетак Віталя Арцёмчыка

Афіцыйна асноўнай дзейнасцю арганізацыі з’яўляецца “пашырэнне ідэй міжкультурнага дыялогу і паразумення, розных формаў супрацы як грунту еўразійскай інтэграцыі і ўмацавання Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі”. Калі прагледзець спасылкі на цікавыя старонкі, якімі цікавіцца “Спадчына”, то з сур’ёзных арганізацый прысутнічае толькі “Рассупрацоўніцтва г-Мінск”.

Сярод дзясятка заданняў гэтай магілёўскай арганізацыі пазначаныя: падтрымка ролі рускай мовы як мовы міжнароднага і міжнацыянальнага камунікавання ў свеце; вывучэнне, развіццё і прапаганда дасягненняў культуры, навукі і эканомікі так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама краін ЕАЭС; правядзенне ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі сацыяльнай, тлумачальна-інфармацыйнай працы з насельніцтвам, ажыццяўленне культурна-асветніцкай, спартова-масавай і іншай дзейнасці.

Старонка “Спадчыны” у сацсетках таксама асвятліла імпрэзу ў Смаленску, на якім гэта арганізацыя прадстаўляла Беларусь. Вось выступае Віталь Арцёмчык

Фота з сацсетак: старонка СК ГА “Спадчына”

А вось, што яму паказвалі расійскія калегі, як магчымы прыклад дзейнасці.

Фота з сацсетак: старонка СК ГА “Спадчына”