У іх ёсць месяц, каб даказаць рэнтабельнасць свайго бізнесу.

21 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Выпускнікі праекта «Інклюзіўны барыста» з Магілёва атрымалі шанец развіць свой кававы бізнэс. На працягу трох дзён, з 16 па 18 студзеня, чатыры чалавекі з інваліднасцю вучыліся прафесійна гатаваць каву ў кафэ «Палерма».

«Інклюзіўны барыста» – гэта школа навучання прафесіі барыста для людзей з інваліднасцю, якая паспяхова прайшла ўжо ў некалькіх гарадах Беларусі. Яна стартавала вясной 2018 года пад кіраўніцтвам вазочніка Сашы Аўдзеевіча. У Магілёве навучанне ў рамках праекта прайшлі калясачнікі Ганна Іванова, Андрэй Царэнка, Анастасія Шмыгава і Дзмітрый Архіпенка. Яны гатавалі каву для наведвальнікаў «Палерма» за сімвалічны кошт, а ўсе выручаныя грошы пайшлі на дапамогу двухгадовай магіляўчанцы з дзіцячым цэрэбральным паралічам Мілане Раманавай.

Зараз у гэтых людзей ёсць шанец ператварыць свае веды ў паспяховы бізнэс. Каманда «Інклюзіўнага барыста» дамовілася з гандлёвым цэнтрам «Парк-сіці» аб выдзяленні месца для кава-кропкі. Па словах Сашы Аўдзеевіча, магілёўскім удзельнікам праекта пакінулі ўсё неабходнае абсталяванне, а кампанія 9bar дала каву.

Як распавёў Аўдзеевіч, у магілёўскіх вазочнікаў ёсць месяц, каб даказаць рэнтабельнасць сваёй працы:

– Рэнтабельнасць будзе вызначацца іх здольнасцю на першым часе працаваць хоць бы ў нуль, інакш навошта ім гэта ўсё. З майго боку будзе падтрымка, у асноўным, у выглядзе піяру іх кропкі і падказак ад пісьменных людзей з гэтага бізнэсу. Усё залежыць ад іх. Я ім, у прынцыпе, даў усё, што трэба.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *