Магілёўскія ўлады вылучаюць на тэлебачанне і радыё каля паўмільёна даляраў у год


СОЦЫУМ / Thursday, May 10th, 2018

Напэўна, там вельмі якасная журналістыка.

10 мая. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – vk.com/tvrmogilevby


Магілёўскі аблвыканкам у 2018 годзе заплаціць больш 743 тысяч рублёў за выраб тэлепраграм для абласнога ТБ і амаль 136 тысяч рублёў – на радыёпраграмы. Усяго – 879 628 рублёў (каля 430 тыс. даляраў). Дадзеныя прадстаўлены на сайце дзяржзакупак Рэспублікі Беларусь.

Адзначым, што абласное тэлебачанне і радыё аб’яднаны ў холдынг «ТРК Магілёў» ( «Радыё Магілёў» і тэлеканал «Беларусь-4 Магілёў»).

Рэдакцыя ТБ павінна у 2018 годзе падрыхтаваць 737 праграм. У пераліку гэта азначае, што кожная праграма на абласным тэлебачанні абыходзіцца бюджэту ў 1 тысячу рублёў (або каля 500 $). Радыё абыходзіцца танней – у сярэднім 500 рублёў за выпуск.

На жаль, падрабязна не пазначана, якія менавіта праграмы павінны стварацца за названыя сумы.

Таксама сярод тэндэраў ёсць сума, якая траціцца ў год на сайт Магілёўскага аблвыканкама – бюджэту ён абыходзіцца ў 45 тысяч рублёў (больш за 22 тысяч даляраў).

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *