Самы багаты кандыдат у дэпутаты Бабруйскага гарсавета – беспрацоўны


ВЫБАРЫ-2018 / Sunday, February 11th, 2018

У Алеся Сапегі ў 2016 годзе ў актыве было амаль 76 тысяч швейцарскіх франкаў, дзьве кватэры і аўтамабіль.

11 лютага. Бабруйск. Ігар Лазоўскі


Паводле дадзеных Бабруйскага гарвыбаркама, Аляксандр Сапега ў 2016-ым валодаў найбольшымі фінансавымі рэсурсамі. Год не павінен бянтэжыць – кандыдаты ў дэпутаты павінны былі падаць свае дэкларацыі менавіта за гэты перыяд. Пры гэтым, згодна з дадзенымі выбарчай камісіі, мужчына з’яўляецца беспрацоўным.

Сапега ідзе па Камбінацкай выбарчай акрузе №38. У саперніках у яго значацца майстар цэха завода “Тэрмапласт” Віталь Петрашкевіч (грашовы даход – 10 199 руб і 5 170 USD), настаўнік беларускай мовы і літаратуры Міхаіл Кунцэвіч (9 157 руб), а таксама гендырэктар холдынгу «Бабруйскаграмаш» Аляксандр Ерамееў ( 31 597 руб). Нягледзячы на ​​фінансавае становішча Сапегі, менавіта Ерамееў лічыцца галоўным прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат у Бабруйскім гарсавеце.

Бліжэй за ўсё паводле дастатку да Сапегі наблізіўся тэхнолаг мясцовага завода біятэхналогій Андрэй Вежаль. У яго ў 2016 годзе было 122 405 рублёў даходу супраць 75 803 швейцарскіх франкаў (ці 144 тысячы рублёў) у Алеся Сапегі.

Вежаль ідзе па Чэхаўскай выбарчай акрузе №27. Яго адзіным супернікам з’яўляецца дырэктарка тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Бабруйска Святлана Прыемка. У 2016 яна годзе зарабіла ў дзесяць разоў менш, чым Вежэль – 11 210 рублёў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *