Жанчына з інваліднасцю абвясціла галадоўку пад магілёўскай турмой


ПРАВААБАРОНА / Thursday, September 27th, 2018

Яна патрабуе сустрэчы з мужам, якога падазраюць у педафіліі і распаўсюдзе наркотыкаў.

27 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Анжаліка Калатазішвілі, вазочніца са Слаўгарада, абвясціла галадоўку з мэтай дамагчыся сустрэчы са сваім мужам Кахаберам, грамадзянінам Грузіі.

Паведамленні аб галадоўцы яна накіравала ў Міністэрства аховы здароўя, Адміністрацыю прэзідэнта і МУС. Ужо два дні яна, маючы інваліднасць 1-ай групы, праводзіць на холадзе ў альтанцы побач з магілёўскай турмой №4.

Паводле яе слоў, у дачыненні да мужа заведзеная крымінальная справа па ч.1 арт.328 за распаўсюд наркотыкаў.Таксама яго падазраюць у педафіліі.

Анжаліка заяўляе, што абедзве справы – гэта трызненне і спроба міліцыі і слаўгарадскіх уладаў адпомсціць яе сям’і.

У 2014 годзе мне памылкова выдалілі жаночыя органы з-за няправільнага дыягназу. У выніку я засталася інвалідам. Я спрабавала дамагчыся справядлівасці, звярталася ў суды, скардзілася шмат куды. Ўладам гэта не падабалася і яны шукалі магчымасць сапсаваць жыццё.

У ліпені гэтага года Кахабера затрымалі па падазрэнні ў распаўсюдзе наркотыкаў. Пазней дадаліся абвінавачванні ў педафіліі. З моманту затрымання жанчына практычна не бачыла мужа. Сваёй галадоўкай яна спрабуе дамагчыся хаця б непрацяглай сустрэчы:

– Следчы са Слаўгарада не дае мне з ім сустрэцца без тлумачэння прычын. Акрамя гэтага, Каха дасылае мне лісты, дзе скардзіцца, што я яму не пішу. А я адправіла ўжо кучу лістоў – яны да яго проста не даходзяць. Як і ад яго да мяне, – распавяла Калатазішвілі.

Яна згадвае, што аднойчы мімаходам бачыла яго, калі Кахабера суправаджаў канвой. Мужчына, па яе словах, трымаўся за бок. З гэтага Анжаліка робіць выснову, што яго збіваюць – і збольшага таму не даюць сустрэцца:

– Мы жывем у інтэрнаце, майго мужа ўсе ведаюць. Суседзі падпісаліся пад яго характарыстыкай, прызналі, што ён вельмі добры чалавек. Ён не ўжывае наркотыкі і не прадае. Падчас ператрусу ў нас дома нічога не знайшлі. Абвінавачванні ў педафіліі – таксама трызненне, спроба навесіць яму «нядобры» артыкул. Магчыма, над ім здзекуюцца, спрабуюць дамагчыся прызнання, – лічыць Калатазішвілі.

Галадоўка,магчыма, прынесла пэўны плён – са Слаўгарада ёй патэлефанаваў следчы і прапанаваў прыехаць па дазвол на спатканне. Жанчына збіраецца праверыць, ці сапраўды ёсць дазвол, аднак вялікай веры, па яе словах, да следчага ў яе няма. Калі яе падманулі, яна мае намер працягнуць галадоўку.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *