Адбылося гэта на акрузе дзеючага дэпутата Ігара Марзалюка.


26 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Аляксандр Паўлаў, які балатаваўся ў дэпутаты па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №84, запатрабаваў пераліку галасоў на адным з участкаў.

Ён падаў скаргу ў акруговую выбарчую камісію, паколькі ў выніковым пратаколе на выбарчым участку №11 яму ўпісалі ўсяго толькі 12 галасоў. Ён выказаў здагадку, што гэта – фальсіфікацыя:

«На гэтым жа ўчастку знаходзіцца мой бацькоўскі дом, дзе я пражыў 23 гады. Тут жывуць дзве давераныя асобы, бацькі, суседзі, знаёмыя. У перыяд збору подпісаў менавіта тут было сабрана больш за ўсё подпісаў. Лагічна, што вынік павінен быў быць вышэй», – пазначыў Паўлаў у сваёй скарзе, якую накіраваў у акруговы выбаркам 20 лістапада.

Экс-кандыдат запатрабаваў прызнаць вынікі падліку несапраўднымі і арганізаваць пералік галасоў пад наглядам адной з яго давераных асоб.

Акрамя таго, на гэтым жа ўчастку няправільна падлічылі галасы за іншага экс-кандыдата Яўгена Глушкова – замест 644 яму ўпісалі толькі 507.

Акруговая выбарчая камісія (АВК) на паседжанні 26 лістапада прызнала памылку ўчастковага выбаркама.

Па словах намесніка старшыні АВК Таццяны Грышанавай, у копіі выніковага пратаколу сакратар неправільна ўпісала дадзеныя 5 кандыдатаў з 6.

– Мы неаднаразова збіраліся па вашай [Паўлава] скарзе і разбіралі яе. Мы ўстанавілі, што сакратар участковай выбарчай камісіі №11 дапусціла тэхнічную памылку, – заявіла Грышанава.

Як запэўнілі члены АВК, памылка была знойдзена амаль імгненна і ў акруговую камісію паступілі ўжо верныя дадзеныя: так, замест першапачатковых 12 галасоў у Аляксандра Паўлава налічылі 89.

Дадзены факт, як запэўніла Грышанава, пацвердзілі трое неназваных назіральнікаў.

Аднак сам Паўлаў і назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Краўчанка заявілі, што члены ўчастковай камісіі не маглі так хутка заўважыць памылку і замяніць няправільны пратакол на правільны.

Па іх словах, сябры ўчастковай камісіі №11 хутка разабраліся з падлікам і нічога не выпраўлялі, а “трох назіральнікаў” увогуле не было.

У адказ члены АВК назвалі сцвярджэнні экс-кандыдата і праваабаронцы «галаслоўнымі». Таксама яны заявілі, што старшыня і сакратар ўчастковага выбаркама ўжо панеслі пакаранне. Якое – не ўдакладнілі. У пераліку галасоў Паўлаву адмовілі.

На гэтым жа пасяджэнні вынеслі рашэнне па скарзе іншага экс-кандыдата Алега Аксёнава, які патрабаваў ануляваць вынікі выбараў па акрузе на падставе шматлікіх фальсіфікацый і парушэнняў. Акруговая камісія не ўспрыняла довады Аксёнава і таксама яму адмовіла.

Вынікі выбараў-2019 для Магілёва: самае цікавае і разбор на пальцах