Што далей?

19 красавіка. Магілёў. Саша Мінько. Усе фота –  БЕЛТА

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Пра тое, што адбываецца ў выпраўленчая калоніі №2 г. Бабруйска для непаўнагадовых mspring.online падрабязна пісаў вось тут:

Выхаваўчая калонія №2: як жывуць падлеткі ў месцы на ўскраіне Бабруйска, якое падобна на канцлагер

Візіт прадстаўніка UNICEF адбыўся роўна тыдзень назад і прайшоў незаўважаным. Пра дэлегацыю ААН паведаміла адна з маці, чый сын адбывае тэрмін за наркотыкі (арт. 328 КК). Выходзячы з брамы калоніі пасля сустрэчы з асуджаным, яна ўбачыла групу з сямі чалавек, на адзенні якіх была сімволіка ААН.

Пазней пацверджанне гэтай інфармацыі атрымалася знайсці ў афіцыйным рэлізе прадстаўніцтва ЮНІСЭФ у Беларусі. Яго кіраўнік Рашэд Мустафа Сарвар у суправаджэнні амбасадара Вялікабрытаніі Фіёны Гіб сапраўды наведалі з азнаямленчым візітам выхаваўчую калонію №2 і бабруйскі аграрна-эканамічны коледж. Па версіі ЮНІСЭФ, падарожжа стала чарговым мерапрыемствам у рамках дзейнасці па прасоўванню ідэі аднаўленчага правасуддзя для падлеткаў, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам.

У трохі іншым ключы інфармацыю падало дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА. Яно, са спасылкай на намесніка начальніка Дэпартамента выканання пакарання МУС Уладзіслава Мандрыка, паведаміла, што за рахунак замежных сродкаў у ВК №2 плануецца рэалізаваць тры праекты. У калоніі для непаўналетніх намначальніка ДВП хацеў бы бачыць медыяцэнтр з тэлестудыяй, псіхалагічную лабараторыю з комплексам прылад для правядзення заняткаў па псіхакарэкцыі і абсталяванне для дыстанцыйнага доступу да рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі.

Прадстаўнікі руху “Маці 328”, што аб’яднаў бацькоў дзяцей, асуджаных па антынаркатычным артыкуле 328 КК, ацэньваюць візіт дэлегацыі ААН і брытанскага амбасадара з асцярожнай надзеяй. Нагадаем, крымінальная адказнасць па артыкуле 328 настае ў Беларусі з 14 гадоў, а максімальнае пакаранне за яе парушэнне складае 25 гадоў пазбаўлення волі. Пра тое, што Беларусь залішне цвёрдымі прысудамі парушае Канвенцыю ААН па правах дзіцяці, стала вядома паўгады таму. Маці непаўналетніх вязняў сталі масава ліставаць у ЮНІСЭФ з просьбай пра якую-небудзь рэакцыю з боку ААН. Па іх словах, з прадстаўніцтва ім не прыйшло ніводнага адказу. Таксама пра праблему асобнымі паведамленнямі была праінфармавана кіраўніца Камітэта ААН па правах дзіцяці Рэнаце Вінтар.

Красавіцкі візіт ЮНІСЭФ у бабруйскую калонію можна лічыць першым рэальным вынікам іх патугаў. Аднак, адзначаюць жанчыны, для высокіх гасцей была праведзена ўзорнапаказальная экскурсія і не больш за тое. Вось у пустой зале правялі канцэрт, на сцэне нават аднекуль нават з’явіліся дзяўчыны:

А вось выхаванец, які стаў на шлях выпраўлення, паказальна цікавіцца літаратурай у выдатнай бібліятэцы:

Важна, што будзе далей. Маці адзначаюць розніцу ў падыходах да тэмы абароны правоў, што датычацца непаўналетніх. Доктар Рашэд Мустафа Сарвар у афіцыйным каментары больш рабіў упор на аднаўленчае правасуддзе і рэсацыялізацыю непаўналетніх, каб зменшылася колькасць малагадовых вязняў. А айчынны ДВП больш кажа пра грошы, якія можна ўкласці ў калонію.

Актывісткі руху “Маці 328” лічаць добрым знакам першае афіцыйнае згадванне ў сценах калоніі пра канцэпцыю рэстаратыўнага (аднаўленчага) правасуддзя ў Беларусі, прэзентацыя якой запланавана на пачатак траўня. Менавіта пра яе казаў прадстаўнік ЮНІСЭФ. Канчатковы варыянт праекта рыхтуе Нацыянальны цэнтр заканадаўства і праўных даследванняў Рэспублікі Беларусь.

Гэта будзе вынік рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Узмацненне нацыянальных магчымасцяў па інстытуалізацыі юстыцыі для непаўналетніх”, ажыццяўлёнага пры падтрымцы ЮНІСЭФ і МЗС Вялікабрытаніі. Дакумент закліканы пераарыентоўваць заканадаўства і практыку з абвінаваўчага на аднаўленчы падыход.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя заступілася за зняволеных у бабруйскай калоніі

Пра тое, што пад ціскам міжнароднай супольнасці ў антынаркатычным заканадаўстве будуць змены кажа і той факт, што 12 красавіка першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі Валерый Калінковіч прыняў у сябе прадстаўніка Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці Жаннат Касмухамедаву.

Прадстаўніца ААН сустрэлася таксама са старшынём парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы Валянцінам Міхневічам і яго намеснікам Васілём Чэканам. Аднак дэталі сустрэчы не раскрываюцца. Інфармацыя пра візіт не асвятлялася.

У дадзены момант прадстаўнікі руху «Маці 328» плануюць запісацца на прыём да кіраўніцтва прадстаўніцтва ЮНІСЭФ у Беларусі, а таксама маюць намер звярнуцца ў магілёўскую абласную Грамадскую назіральную камісію за месцамі пазбаўлення волі, каб арганізаваць яе візіт у выхаваўчую калонію №2.

Для даведкі. У 2019 годзе свет адзначае 30-годдзе Канвенцыі аб правах дзіцяці – самага важнага дакумента, што рэгламентуе правы дзяцей і падлеткаў. У Беларусі Канвенцыя набыла моц у 1990 годзе. Згодна з дакументам, непаўнагадовыя не павінны карацца нароўні са сталымі. Аднак праваўжывальная практыка такая, што пры расследаванні спраў па артыкуле 328 КК айчынная міліцыя на ўсіх этапах выніку дапушчае парушэнні ў дачыненні дзяцей: першыя сведчанні ў іх бяруць без прысутнасці псіхолага, бацькам не даводзіцца ў патрэбны час да ведама пра затрыманне, у камерах школьнікі знаходзяцца са сталымі злачынцамі і г. д.

Згодна з артыкулам 37 Канвенцыі ААН, арышт непаўнагадовага ці турэмнае зняволенне выкарыстоўваецца толькі ў якасці “крайняй меры і цягам як мага карацейшага перыяду часу“, але ў Беларусі дзяцей арыштоўваюць па змоўчанні, месяцамі трымаюць у СІЗА да суда і адпраўляюць у калоніі на доўгі тэрмін. Шмат каму не далі магчымасці здаць выпускныя экзамены і атрымаць атэстат.