Развіцця! З выступу старшыні аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага

Карэспандэнт нашага сайта Ігар Лазоўскі паглядзеў перадкалядны выступ старшыні аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага і гатовы расказаць вам пра галоўныя моманты.

Перадсвяточныя выступы афіцыйных асоб цікавыя тым, што ім часта трэба казаць пра дрэннае. Але паколькі людзям псаваць настрой у свята нявыгадна, інфармацыя абліпаецца ў мудрагелістыя формы, а сэнсавыя акцэнты расстаўляюцца неверагодным чынам.

ГАЛОЎНАЕ – ВЫБАРЫ

Галоўным дасягненнем 2015 Уладзімір Даманеўскі палічыў выбар «шляху спакою і росквіту». Перамога Аляксандра Лукашэнкі ў самых нудных выбарах у гісторыі Рэспублікі Беларусь прызнана эпіцэнтрам падзейнага поля рэгіёну. 88,3% жыхароў Магілёўшчыны пры дапамозе выбарчых камісій зрабілі «правільны» выбар.

ПАСПЯХОВЫ ГОД

Адгадайце, колькі разоў прагучала слова «крызіс» у выступе старшыні аблвыканкама? Столькі ж, колькі і слова «праблема» – 0.

Заняпад «Строммашыны», «Вяснянкі», штодзённыя заторы ў цэнтры горада, падзенне рэальнай заработнай платы, невычэрпальныя карупцыйныя скандалы на мясакамбінаце і іншых прадпрыемствах – нічога з гэтага не атрымала агалоскі. Затое Уладзімір Даманеўскі агучыў поспехі накшталт «будаўніцтва новага жылля», «пракладкі газа- і водаправодаў» і «уборкі ўраджаю».

З канкрэтных дасягненняў – адкрыццё «толькі ў гэтыя перадсвяточныя дні двух дамоў сямейнага тыпу, новага корпуса Магілёўскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі».

КУЛЬТПРАЦЕМРА

У культуры Магілёўскай вобласці, на думку Уладзіміра Даманеўскага, галоўнае месца занялі тры фестывалі – «Залаты шлягер», «M.@rt.контакт» і «Александр Александрыя збірае сяброў».
«[Фестывалі] даўно ўжо сталі візітнай карткай Магілёўскай вобласці. Як вынік – наш рэгіён становіцца ўсё больш вядомым, а значыць пашыраюцца магчымасці для паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця».
Моладзевы тэатральны фестываль «M.@rt.контакт» ў 2015 годзе ўпершыню застаўся без прафесійнага журы і адукацыйнай праграмы. Калі на удзел тэатральных труп абласныя ўлады яшчэ гатовыя былі выдаткоўваць сродкі, то на крытыкаў і мастацтвазнаўцаў – не. Ці страціў з-за гэтага «M.@rt.контакт»? Да, столькі, колькі страціць матч чэмпіянату свету па футболе, калі судзіць яго студэнт МДУ ім. А. А. Куляшова.
Што тычыцца «Залатога Шлягера», то тут дастаткова сказаць, што галоўнымі зоркамі фэсту сталі Аляксандр Іваноў і група «Ронда», а асноўная праграма была аддадзеная на закол беларускай эстрадзе. Нават на фоне адносна бяззорнога «ЗШ-2013», гэта – поўны “песняр”.

ІНАВАЦЫІ І ІНВЕСТЫЦЫІ

«Галоўным прыярытэтам развіцця для нас застанецца рост дабрабыту нашых жыхароў. У дасягненні гэтай мэты мы будзем ўпартыя і настойлівыя. Ужо сёння мы будуем амбіцыйныя, але цалкам рэальныя планы. Гэта прыцягненне замежных інвестыцый, павелічэнне вытворчасці прадукцыі, стварэнне новых інавацыйных прадпрыемстваў, збалансаванае развіццё раёнаў вобласці і напаўненне іх бюджэтаў. Асобна хачу адзначыць прарыўное напрамак – гэта праграма развіцця Паўднёва-Усходніх рэгіёнаў Прыдняпроўскага краю».
Пра інвестыцыі і інавацыі мы чуем штогод і штогадо жа іх прыцягваем, хіба толькі чары не задзейнічалі. Значна радзей мы чуем пра існаванне пэўнага плана па выцягванню рэгіёна з крызісу. Напэўна, таму што крызісу няма. Ці ён хаваецца ад Уладзіміра Даманеўскага і абласных уладаў у галовах людзей. 2016-ы пакажа. Развіцця ўсім нам, панове.

фота – mogilevnews.by

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў