Міліцыя давяла справу ў дачыненні да фрылансера Аліны Скрэбуновай да суда

Але незразумела навошта, бо справа развальваецца на вачах.

18 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Кастрычніцкі РАУС паведаміў свабоднай журналістцы Аліне Скрэбуновай, што накіраваў яе адміністрацыйную справу ў суд.

Згодна копіі пратаколу, якую фрылансер знайшла ў сваёй паштовай скрыні, яе абвінавачваюць у тым, што яна 20 красавіка каля Магілёўскага аўтамабільнага завода імя Кірава фактычна выконвала функцыі журналіста замежнага СМІ без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў, выконваючы інтэрв’юіраванне працаўнікоўзавода.

Тым самым яна, злоўжываючы правамі і з парушэннем абавязкаў журналіста, удзельнічала ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ ў выглядзе сюжэту, размешчанага ў раздзеле “Аб’ектыў” замежнага спадарожнікавага тэлеканала БелСАТ“,- гаворыцца ў пратаколе, які склаў капітан Кастрычніцкага РАУС Іван Лазаркоў.

Праваабаронца Барыс Бухель сумняецца, што суд над Скрэбуновай адбудзецца:

– Згодна са словамі міліцыі, Аліна здзейсніла парушэнне 20 красавіка. Гэта значыць, 20 чэрвеня мінае двухмесячны тэрмін, на працягу якога па заканадаўству Рэспублікі Беларусь можна прыцягнуць чалавека да адміністрацыйнай адказнасці. Калі судовыя ўлады не распачнуць нейкіх незаконных экстраных мер, то судзіць Скребунову проста не паспеюць, – лічыць праваабаронца.

Пры гэтым ён звяртае ўвагу на тое, што пратакол складзены са шматлікімі парушэннямі і будзе цудам, калі суд не накіруе яе на дапрацоўку:

– Аліна мае поўнае права заявіць суддзі, што яе не апыталі па яе ж справе. Пры гэтым зрабілі гэта як быццам адмыслова, не папярэдзіўшы яе належным чынам – спачатку яе выклікалі на апытанне з дапамогай СМСкі, а потым проста даслалі позву на ўчорашнюю дату.

Цікава таксама тое, што Аліна не сустракалася з капітанам Іванам Лазарковым, але гэта не перашкодзіла яму распісацца ў пратаколе за тое, што ён растлумачыў ёй правы і абавязкі. Пры гэтым подпіса Скрэбуновай няма, што выкліча пытанні суддзі. Адміністрацыйны працэс быў праведзены проста абыякава,- лічыць праваабаронца.

Нагадаем, што гэта другая справа, накіраваная супраць журналісцкай дзейнасці Аліны Скрэбуновай. Першую, якую вёў Ленінскі РАУС, спынілі за недастатковасцю доказаў.

Таксама ў дадзены момант праводзіцца праверка ў дачыненні да магілёўскага журналіста Уладзіміра Лапцэвіча за супрацоўніцтва з газетай для беларусаў Польшчы “Ніва”.

У кожным з вышэйпералічаных выпадкаў, як лічыць міліцыя, быў парушаны артыкул 22.9 КаАП у частцы незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў