«Рашэнне суда Ленінскага раёна неправамерна»

За дзевяць дзён да магчымага вызвалення праваабаронца Андрэй Бандарэнка працягвае абскарджваць дысцыплінарныя спагнанні з боку адміністрацыі турмы №4.

22 сакавіка. Магілёў. Абласны суд. Алесь Святліцкі


22 сакавіка адвакат Бандарэнкі Вадзім Мушынскі ў кампаніі журналістаў і бацькі зняволенага абскардзіў рашэнне суда Ленінскага раёна па дысцыплінарнаму спагнанню ў абласным судзе.

Як вынікае з матэрыялаў справы, 4 студзеня гэтага года Бандарэнку вывелі пад канвоем у душ. Аднак з-за паднятай трывогі канвой пакінуў яго ў калідоры ў становішчы тварам да сцяны і рукамі за спіной пад наглядам дзяжурнага паставога Куракова. Недалёка у тым жа калідоры знаходзіўся іншы вязень. Ён пачаў пытацца ў Андрэя Бандарэнкі, як яго завуць і ў якой камеры ён сядзіць. У адказ Бандарэнка моўчкі сігналізаваў рукой, што не збіраецца размаўляць. Паставой Куракоў загадаў спыніць перамовы. Адміністрацыя турмы лічыць, што Бандарэнка павінен быў выконваць патрабаванні канваіра, стаяць да сцяны тварам і трымаць рукі за спіной. Аднак падчас размовы Бандарэнка дазволіў сабе зрабіць жэст рукой.

Адвакат Вадзім Мушынскі заявіў судовай калегіі пад старшынствам суддзі Аляксандра Раманава, што суддзя Галіна Тарасава, якая прызнала ў раённым судзе правату адміністрацыі турмы №4, праігнаравала факты на карысць Бандарэнкі.

Рашэнне суда Ленінскага раёна неправамерна, заявіў абаронца.

Ён звярнуў увагу судовай калегіі на тое, што ў рапарце сказана, быццам Бандарэнка парушыў меры ізаляцыі, а менавіта перамаўляўся з іншым асуджаным, не рэагуючы на законныя патрабаванні канваіра. А ў пастанове аб накладанні дысцыплінарнага спагнання адміністрацыя турмы паставіла яму ў віну невыкананне патрабавання стаць тварам да сцяны і трымаць рукі за спіной.

Судовая калегія, аднак, адмовілася прыняць гэты факт як значны і пакінула ў сіле пастанову ніжэйстаячай інстанцыі.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў