Магілёўскі гарвыканкам змяніў рашэнне аб масавых мерапрыемствах (Дакумент!)

Праваабаронцы Барыс Бухель і Аляксей Колчын дамагліся маленькай лібералізацыі.

1 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Магілёўскія праваабаронцы Барыс Бухель і Аляксей Колчын на працягу апошняга года актыўна прасілі гарадскія ўлады змяніць мясцовае заканадаўства ў сферы масавых мерапрыемстваў. Яны прапаноўвалі адмяніць абавязковыя для адзіночных пікетаў і масавых акцый дамовы аб ахове грамадскага парадку, аб дзяжурстве «хуткай дапамогі» і ўборцы пасля праведзенага масавага мерапрыемства. На гарадскім узроўні ўлетку мінулага года яны атрымалі адмову, пасля чаго вырашылі звярнуцца ў аблвыканкам.

Намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Кунцэвіч у сакавіку гэтага года разгледзіў просьбу праваабаронцаў і рэкамендаваў гарвыканкаму прыняць некаторыя змены ў рашэнне “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве”, якое было прынята яшчэ ў 2007 годзе.

6 траўня старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў падпісаў дакумент аб унясенні змяненняў у нарматыўны акт. Згодна з новай рэдакцыяй рашэння “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве”, грамадзянам больш не абавязкова заключаць дамову з РАУС для забеспячэння аховы на мерапрыемстве. Дамовы з камунальнымі службамі і установай аховы здароўя застаюцца абавязковымі.

Праваабаронца Барыс Бухель стрымана ацаніў гэты поспех:

– Гэта маленькая перамога, вельмі маленькая. Тое, што прыбралі абавязковую дамову з міліцыяй – гэта добра, але нічога асаблівага ў гэтым няма. Мясцовыя ўлады банальна прывялі гарадское рашэнне ў адпаведнасць з пастановай Савета Міністраў за 2012 год, там усё гэта было сказана. З палітычнага пункту гледжання гэта можна разглядаць як крок у бок лібералізацыі, але працы яшчэ вельмі шмат. Напрыклад, зусім няма неабходнасці дамоваў з “хуткай” і камунальнікамі пры адзіночным пікеце. Трэба агаварыць, пры якой колькасці людзей такія дамовы ўжо патрэбныя. Тым больш у нас ёсць прыклад перадвыбарных пікетаў па ўсім горадзе, каля якіх не дзяжураць лекары і работнікі ЖКГ і ўсё ў парадку, хоць па факце гэта ўсё тыя ж самыя масавыя мерапрыемствы.

Па словах праваабаронцы, праца ў накірунку лібералізацыі мясцовага заканадаўства працягнецца.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў