Рамонт гвалтоўны, рамонт несумленны

Ад гаспадыні кватэры, якой хацелі зрабіць гвалтоўны рамонт, схавалі сапраўдныя матывы яго правядзення.

15 красавіка. Магілёў. Першамайская, 23а. Ігар Лазоўскі


 

Пасля таго, як Наталля Рыжкова пачала адстойваць свае правы, да яе зачасцiлi госці. Нагадаем, жанчыне хочуць правесці вентыляцыю, чаму яна адчайна супраціўляецца. Нягледзячы на ​​гэта, рабочыя ўжо двойчы траплялі ў яе кватэру і пачыналі рамонт без яе ведама. У выніку Наталля звярнулася наўпрост да намстаршынi аблвыканкама Дзмітрыя Янкова і яго чыноўнікаў, дзе ёй сказалі, што разгледзяць яе праблему на працягу бліжэйшых дзесяці дзён. Такая актыўнасць заахвоціла кіраўніцтва рамонтнікаў асабіста паразмаўляць з жанчынай.

– Прыязджаў намеснік дырэктара ўпраўлення камунальных прадпрыемстваў Артур Гарбакоўскі, яшчэ тэхнагляд. Аказваецца, раптам высветлілася, што труба, якую мне хочуць вось тут прама правесці, патрэбна не мне зусім, а нейкай прыватнай фірме, арандатару. Пра гэта я пачула ўпершыню, да гэтага ніхто нічога падобнага мне не казаў, – сказала Наталля нашаму карэспандэнту.

Па яе словах, упраўленне капітальнага будаўніцтва проста захацела вырашыць свае праблемы з дапамогай яе кватэры.

– Хай выводзяць асобна вентыляцыю, праз вуліцу. Навошта мне цярпець разбітыя столі, будаўнічы бруд і досыць вялікую трубу ў сябе ў кватэры, каб камусьці там было добра? Няўжо было складана неяк абгаварыць гэты момант загадзя? Калі я спытала пра ўсё гэта ў Гарбакоўскага, ён заявіў, што гэта дзеля майго ж дабра, – сказала Рыжкова.

Падобную схему ўжо пракруцілі ў адной з кватэр дома на Першамайскай, 23 а. Зашыты ў кораб слуп вентыляцыі займае значную частку невялікай кухні.
Наталля Рыжкова думае, што такая актыўнасць звязана з ужо існуючай дамоўленасцю з арэндатарамі.

– Атрымліваецца, практычна ўвесь першы паверх дома аддадзены пад розныя фірмы і крамы. Адна з такіх будзе прама пада мной. Як раз ім і хочуць правесці дадзеную трубу, – сказала жанчына.

Праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагае Наталлі ў гэтай справе, рэагуе катэгарычна:

Калі яе не папярэдзілі, яна не падпісала ніякіх папер, то атрымліваецца, што яе банальна падманулі дзеля ўласнай выгады. Гэта – відавочнае парушэнне, якое караецца скаргай.


 

На фота – зялёнай фанерай абшалявана труба вентыляцыі, якую рамонтнікі пусцілі праз кватэру іншых жыхароў гэтага ж дома.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў