Раённы суд падтрымаў ваенкамат у цяжбе з журналістам Бураковым

29 чэрвеня суддзя Алена Дыбленка вынесла рашэнне пакінуць скаргу прызыўніка без задавальнення.

30 чэрвеня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі


Аляксандр Буракоў прасіў суд адмяніць рашэнне гарадской і абласной прызыўных камісій на прызыў яго на ваенную службу на той падставе, што медыкі з ваенкамата вынеслі неправамернае, на яго думку, рашэнне, а таксама з-за таго, што гарадская прызыўная камісія не праводзілася ўвогуле. У ролі адказчыка у судзе выступіў ваенны камісар Магілёва Уладзімір Белюсь, таксама прысутнічаў галоўны юрысконсульт абласнога ваеннага камісарыята Юрый Коцур.

– Ну, гэта было як мінімум цікава. Суддзя зачытала ўсю маю скаргу, пасля чаго засяродзілася на першай частцы, у якой я сцвярджаў, што гарадзкой прызыўной камісіі не было. Вядома, Белюсь прадаставіў пратакол, графік і ўсе неабходныя паперы, якія пацвярджаюць тое, што гарадская прызыўная камісія была. Шкада толькі, што ваенны камісар не змог узгадаць дакладны час яе правядзення і наогул сказаў, што сябры камісіі і асабістыя справы прызыўнікоў знаходзяцца ўвесь час у руху, таму я, нібыта, мог і не ўсачыць за ўсім гэтым працэсам. Ну ды добра. Датычна медыцынскай частцы, можна сказаць, што суда па ёй фактычна не было. Я падрыхтаваў шэсць лістоў довадаў для таго, каб у мяне не спыталі ні аб адным з іх. Калі я пачынаў казаць пра тое, што вось, даражэнькія, вось жа факты, калі ласка, давайце разбірацца з імі, суддзя пачынала казаць, што я абскарджваю рашэнне гарадской прызыўной камісіі, а не медыцынскай. Тое, што ГПК вынесла вердыкт зыходзячы з тлумнага рашэння медыцынскай, аказалася не важным. Акрамя таго, суддзя некалькі разоў спытала мяне, ці парушаюцца мае правы зараз, што я так за іх змагаюся. Маўляў, я ж не ў войску, з наступнага прызыву усё роўна ўсё пачынаецца спачатку. На жаль, мае словы пра тое, што я прынцыпова незадаволены сітуацыяй, яна, мабыць, не захацела прыняць.

У сваю чаргу ваенкам Белюсь засяродзіў увагу на тым, што я адмовіўся ад прысягі і наогул, спецыяльна сышоў ад прызыву, скарыстаўшыся законам. Пра медкамісію ён увогуле сказаў, што яна ледзь не лепшая ў Рэспубліцы Беларусь, што нараканняў няма і наогул, я проста недзе набраўся медыцынскіх тэрмінаў і не разабраўся. Шкада, што ваенком Белюсь нічым не пацвердзіў свае афіцэрскія словы пра якасць медыкаў у камісіі. Што ж, будзем верыць на слова – наша дзяржава бо гэта любіць. Наконт таго, што я набраўся медыцынскіх тэрмінаў, дык гэта вынік маёй суперздольнасці чытаць словы і супастаўляць іх у двух ці больш дакументах. Абскарджанне рашэння суда будзе ў любым выпадку. І справа будзе доўжыцца да таго часу, пакуль я не даб’юся свайго, – сказаў Буракоў.

Разам з Аляксандрам Буракову прысутнічаў праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў прызыўніку складаць скаргу. З рашэннем суда ён таксама не згодны:

– Пагаджуся з Сашам у тым, што суд не разгледзеў скаргу па факце. Там усё было дастаткова выразна пазначана, распісана, дзе ёсць неадпаведнасць ў раскладзе хвароб. Калі падобную скаргу разглядала абласная прызыўная камісія, яна надала гэтаму ўвагу, выклікала свайго лекара, які хаця б паспрабаваў растлумачыць рашэнне. А суд – не захацеў. Хоць, нягледзячы на такі зыход, пазітыўны вынік у гэтай справе ёсць хаця б таму, што мы адны з першых, мяркуючы па ўсім, прайшлі такую працэдуру і атрымалі дакументы, у якіх змяшчаецца дастаткова важная інфармацыя. Будзем працаваць з гэтым далей, – заявіў праваабаронца.

У дадзены момант Аляксандр Буракоў чакае, калі будзе гатовы пратакол пасяджэння, а таксама рыхтуе заяву на матывавальную частку.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў