У Магілёве ў дзень візіту Пуціна хочуць правесці пікет салідарнасці з Алегам Сянцовым


ПРАВААБАРОНА / Thursday, September 27th, 2018

Магілёўскія праваабаронцы накіравалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне пікета салідарнасці з украінскім палітвязнем.

27 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін плануе наведаць Магілёў 11 і 12 кастрычніка ў межах беларуска-расійскага Форуму рэгіёнаў. Да яго прыезду мясцовыя ўлады старанна наводзяць марафет. Дарагога госця чакаюць настолькі моцна, што ўпершыню ў постсавецкай гісторыі горада абвясцілі чатыры суботнікі запар.

Спецыяльна да візіту Пуціна магілёўскія праваабаронцы Аляксей Колчын і Аляксандр Буракоў 26 верасня падалі заяўку на правядзенне пікету ў знак салідарнасці з украінскім палітвязням Алегам Сянцовым.

Алег Сянцоў – украінскі кінарэжысёр, сцэнарыст і пісьменнік. Вясной 2014 года падчас далучэння Крыма да Расійскай Федэрацыі падтрымліваў рух за адзіную Ўкраіну. Ён купляў і развозіў прадукты і прадметы першай неабходнасці па украінскіх воінскіх часцях, якія былі заблакаваныя «зялёнымі чалавечкамі». Быў затрыманы ФСБ. У 2015 годзе расейскі суд прысудзіў яго да 20 гадоў зняволеньня паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме. Міжнароднымі арганізацыямі арышт Сянцова быў прызнаны незаконным, а сам рэжысёр – палітвязням. З траўня 2018 года да гэтага часу трымае галадоўку.

Па словах Аляксандра Буракова, пікет у падтрымку Сянцова – гэта справа гонару для праваабаронцаў:

Мне катэгарычна не падабаецца, што прыезд Пуціна ўспрымаюць у Магілёве як візіт суперзоркі. Пакуль яго тут будуць радасна вітаць і паслужліва паказваць горад, дзесьці ў расійскай калоніі пакутуе невінаваты чалавек, якога пасадзілі толькі за тое, што ён хацеў тэрытарыяльнага адзінства для сваёй краіны.

Праваабаронцы не трымаюць асаблівых ілюзій, што Магілёўскі гарвыканкам задаволіць заяўку і дазволіць правесці мірны сход:

– У гэтыя дні горад будзе стэрыльным, гэта відавочна. Але мы лічым важным нагадаць пра праблему Алега Сянцова, які трымае галадоўку ўжо некалькі месяцаў. У Магілёве не ўсе вітаюць прыезд Пуціна і не вітаюць палітыку расейскіх уладаў у сферы правоў чалавека.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *