«Усе, хто супраць Пуціна – гэта, прабачце, недалёкія людзі»


СОЦЫУМ / Sunday, March 18th, 2018

Чаму расейцы прыйшлі 18 сакавіка выбіраць прэзідэнта ў Магілёве.

18 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фото – sputnik.by, becer.mk


18 сакавіка ў Расійскай Федэрацыі адбыліся прэзідэнцкія выбары. Спецыяльна для грамадзян Расіі, якія апынуліся па-за сваёй радзімай, адкрылі ўчасткі для галасавання ў консульствах, пасольствах і іншых спецыяльна адведзеных месцах. У Магілёве волевыяўленне расійскага народа засяродзілася ў ліцэі Беларуска-расійскага ўніверсітэта. У будынку абсталявалі ўчастак для галасавання №8047. Кіраўніком выбарчай камісіі, як і на папярэдніх расейскіх выбарах у Дзяржаўную Думу, стала саветнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Маргарыта Навадворская.

Камісія паведаміла, што ўжо з самай раніцы была зафіксавана вялікая яўка – амаль тры сотні чалавек прагаласавалі да 12 гадзін дня. Усяго яўка па дадзеных ЦВК склала больш за 60%.

Мы папрасілі ў некаторых з тых, хто прагаласаваў падзяліцца, навошта яны прыйшлі на ўчастак і хто з’яўляецца лепшым кандыдатам у прэзідэнты РФ.

Алёна ўтрымлівае бізнэс у Магілёве, хоць сама з’яўляецца нараджэнкай Цверы. На выбары пайшла, таму што лічыць, што «цяпер Расеі важны голас кожнага, дзе б хто не знаходзіўся»:

– Мы бачым, што Еўропа, Амерыка ціснуць на нас, таму што ім невыгодная моцная Расея. Людзям трэба паказаць падтрымку сваёй краіне. Я прыйшла, таму што гэта мой абавязак. І я ўдзячная беларусам, вы вельмі добрыя, мне спадабалася, што нават тут было адчуванне свята, нейкая падтрымка.

На пытанне, за каго галасавала, Алёна адказвае коратка:

– За Пуціна, вядома. Мне здаецца, цяпер у свеце няма лідэра мацней.

За яго ж прагаласаваў Іван, «ваенны пенсіянер»:

– Пуцін дэманструе сапраўдную сілу і волю выдатнага кіраўніка. Ён лепш за ўсіх разумее, што трэба нам. Усе, хто супраць – гэта, прабачце мяне, недалёкія людзі, мякка кажучы, якія не разумеюць кошт, які трэба плаціць за незалежнасць.

Фрылансер Юлія мала ведае пра астатніх кандыдатаў, акрамя як пра двух:

– У Сабчак ёсць перспектыва, але ёй яшчэ трэба дарасці. Таму пакуль за Пуціна.

На выбары яна прыйшла «таму што быў вольны час».

Апошні наш рэспандэнт, які пагадзіўся расказаць, за каго ён аддаў свой голас, быў кароткі:

– Усё, акрамя Пуціна – гэта слабыя палітыкі, людзі. Каб кіраваць Расеяй, патрэбна моцная рука і сталёвыя нервы. У яго яны ёсць.

Па папярэдніх дадзеных, пасля апрацоўкі 60% пратаколаў Пуцін

набраў 75,57% галасоў, Грудзінін – 12,9%, Жырыноўскі – 6,19%, Сабчак – 1,4%.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *