Уладзімір Лапцэвіч змагаецца за сваё права на інфармацыю ўжо паўтара гады.

29 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


У красавіку 2017 года ў будынку Адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва адбыўся сход сябраў гаражнага кааператыва «Спадарожнік-2008». Яны запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, аднак прадстаўнік раённай улады Канстанцін Кісцянёў і міліцыянт Сяргей Калеснікаў адмовіліся пусціць карэспандэнта ў залу. Гэтым учынкам, як лічыць журналіст, яны перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы і злоўжылі уладай.

Пачынаючы з гэтага часу, па заяве Лапцэвіча Магілёўскі міжраённы Следчы камітэт рэгулярна праводзіць праверкі ў дачыненні да Калеснікава і Кісцянёва, якія перашкодзілі журналісту выконваць службовыя абавязкі.

Па падліках самога Лапцэвіча, сілавікі ўжо больш за дзесятак разоў адмаўляліся распачынаць крымінальную справу, аднак кожны раз суд, пракуратура ці начальства СК самі загадвалі пачынаць праверкі зноў.

Цяпер ідзе ўжо дванаццатая па ліку праверка. Яе праводзіць старшы следчы Рыбакоў. І, мяркуючы па ўсім, не лепшым чынам:

Яшчэ у 2017 годзе я і БелаПАН прадставілі дакументы, якія пацвярджаюць нашыя працоўныя адносіны, што я карэспандэнт кампаніі. У матэрыялах справы у Рыбакова ёсць усе копіі і арыгіналы, якія пацвярджаюць гэта. Аднак 21 студзеня ён накіраваў у ЗАТ «БелаПАН» запыт аб прадастаўленні звестак, датычна майго супрацоўніцтва з дадзеным СМІ. То бок ён проста праігнараваў дакументы у матэрыялах справы, – абураецца Лапцэвіч.

На думку журналіста, супрацоўнік СК займаецца не вывучэннем наяўных матэрыялаў, а «прафанацыяй і імітацыяй бурнай дзейнасці, каб максімальна завалакіціць узбуджэнне крымінальнай справы».

Лапцэвіч паскардзіўся на дзеянні Рыбакова у абласную пракуратуру. Ён запатрабаваў прыцягнуць старэйшага следчага да адказнасці за «халатнасць і бяздумны падыход » і ўсё ж узбудзіць крымінальная справу ў дачыненні да Кісцянёва і Калеснікава, якія ня пусцілі яго на сход у 2017 годзе.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *