Зэк магілёўскай калоніі распавёў, праз што праходзяць зняволеныя


[:by]Гісторыі[:] [:ru]Истории[:], ПРАВААБАРОНА / Wednesday, August 22nd, 2018

Дзмітрый Дягцераў адседзеў сем з паловай гадоў у магілёўскай калоніі №15. У інтэрв’ю ён распавёў, з чым сутыкаецца чалавек па той бок калючага дроту.

22 жніўня. Магілёў-Гомель. Алесь Святліцкі


Наша калега з Гомеля Ларыса Шчыракова паразмаўляла з Дзімай Дягцеравым, які правёў 7.5 гадоў у ПК №15 г. Магілёва. Пасля гэтага ён стаў актывістам праваабарончай арганізацыі “Таймакт”, якая займаецца правамі чалавека ў пенітэнцыярнай сістэме. Мы прыводзім вытрымкі з размовы з Дзімай.

Пра змены ў псіхіцы

Камусьці патрэбен месяц, камусьці год на адаптацыю. Сёння размаўляў з чалавекам, ён вызваліўся месяц таму, дык вось ён кажа, што яму пакуль дзіка. Ён адседзеў 6 гадоў.

Нават пяць гадоў – гэта вялікі тэрмін. Праз пяць гадоў чалавечая псіхіка мяняецца. У калоніях па ўсёй краіне нідзе не аказваецца патрэбная псіхалагічная дапамога, праца з асуджанымі. Усе анкетаванні праводзяцца для галачкі.

Пра колькасць зняволеных

З году ў год сітуацыя розная. Калі браць 2010 год, магілёўскую ПК №15, то там сядзела больше за 2,5 тысячы чалавек. Пасля амністыі 2012 колькасць скарацілася. У цэлым, сёння сітуацыя сумная. Калоніі перапоўненыя. Шмат новапрыбылых. Яны сядзяць у карантыне – гэта памяшканне ў 40 кв. м., з трох’яруснымі ложкамі. Там цесныя праходы. Калі чалавек у целе, то яму вельмі нязручна. Але пра іх ніхто ня думае.

Пра ваду

Пітная вада ў калоніі адсутнічае наогул. Толькі тэхнічны варыянт. У зняволеных дрэнныя зубы, таму што няма вітамінаў і дрэнная вада. Ёсць помпа, якая нібыта пампуе ваду са свідравіны. Але трубы сваё аджылі – калі набіраеш ваду ў бутэльку, то праз тыдзень бутэлька становіцца рудай. Магчымасці купіць пітную ваду няма. Нават калі б яна прадавалася, усё роўна бы ніхто не купляў з-за абмежаванняў у суме грошай, якую можна выдаткаваць. Да таго ж, не ў кожнага ёсць магчымасць купіць. Усяго 3-5 базавых можна выдаткаваць у турэмнай краме – хутчэй набудуць гарбату і цыгарэты.

Трэба дазволіць купляць больш. Людзей пазбавілі волі, але не пазбавілі магчымасці карыстацца выгодамі цывілізацыі. Пра гэта забываюцца.

Пра ежу

Дзяржава абавязвае калоніі карміць асуджаных у адпаведнасці з нормамі. Пэўную колькасць рыбы, мяса. Але гэтыя нормы не выконваюцца нават працэнтаў на сорак. Сама якасць ежы не адпавядае нормам. Ёсць рэчы, якія есці проста нельга.

Напрыклад даюць рыбу ў паштэце. А што такое паштэт? Выразалі кішкі, адрэзалі галаву, ды і то не заўсёды, перамалолі з косткамі і мясам. Калі вараная рыба, то яе вараць у чанах. Яе часта пераварваюць і яна ператвараецца ў той жа паштэт.

Калі прыязджаюць праверкі, то ўключаецца паказуха – іх кормяць у пяць-дзесяць разоў лепш.

Што тычыцца садавіны і салат, то рэдка асуджаным даюць капусту парэзаную з морквай. У краме можна купіць садавіну, гародніну, але кошты на іх адпаведныя. Калі чалавек паліць, то ён у першую чаргу купіць цыгарэты і гарбату.

Ёсць розніца паміж летнім і зімовым харчаваннем. Бюджэта, які вылучаецца на прадукты, не заўсёды хапае. На лета бюджэта застаецца толькі на пярловую кашу. Два-тры месяцы асуджаныя сілкуюцца выключна пярлоўкай – на сняданак, абед і вячэру. Дыетычнае харчаванне трохі адрозніваецца. Калі ў кагосьці ВІЧ, сухота, то могуць змяніць рацыён. Але дамагчыся ў мэдычнай частцы паляпшэння харчавання, дыетычнага харчавання, вельмі цяжка. Калі лекар выпісвае больш дыетычнае харчаванне, то гэта больш марнаванняў для калоніі. Тады кіраўнік медчасткі можа атрымаць па шапцы ад начальніка калоніі.

Трэба, прынамсі, змяніць спосабы прыгатавання ежы. Усе кухары – гэта асуджаныя, гаспадарчы атрад. У іх нізкая кваліфікацыя.

Трэба змяніць падыход да фарміравання бюджэту на харчаванне. Напачатку года даюць бюджэт на сто чалавек, а да канца года сядзіць ужо 170 чалавек. На ўсіх нармальнага харчавання не хапае.

Пра медыцыну ў калоніі

Медыкаментаў нармальных практычна ніколі няма. Ёсць нейкія сярэднія лекі, нашыя белмедпрэпараты, якія пакідаюць жадаць лепшага.

Калі браць стаўленне лекараў, то яно жахлівае. Ты нікому не патрэбны, ты – зэк.

Калі ты ўжо моцна захварэеш, тады пра цябе пачынаюць клапаціцца. Плюс усё па сезонах. У студзені, калі ёсць ўспышкі грыпу, установу могуць зачыніць на карантын. Гэта значыць ніякіх кароткіх спатканняў, бандэроляў, пошты. Пачынаюць хварэць усе павальна. Пры тэмпературы ў 39 градусаў табе могуць даць таблетку цытрамону і ўсё – ім проста няма чаго больш даць.

Перадаць лекі ў калонію магчыма з волі. Але для гэтага трэба падпісаць заяву ў начальніка атрада, у начальніка медыцынскай часткі. Бюракратыя развіта добра. Тут ці хвароба пройдзе, ці ты ўжо памрэш.

Пра працу

У цэлым умовы працы вельмі жахлівыя. Калі ёсць асуджаны па 328-ым артыкуле, “наркоманскім”, то гэта будзе абрываннем дроту. Трэба апрацоўваць, зачышчаць горы дроту. За гэта адказвае Белдругчормет, пастаўшчык. Фактычна гэта рабская праца. На 300 кв. м працуе шэсцьсот чалавек. Няма рабочага адзення. Памяшканне не атапліваецца, няма наогул вады нармальнай, нават той тэхнічнай, якая ёсць у самой калоніі. У ёй нават рукі не хочацца мыць, а даводзіцца піць. Ну а потым выцякаюць хваробы. Людзі там працуюць гадамі і дзесяцігоддзямі.

Працаваць трэба восем гадзін. Калісьці больш, калісьці менш. Па рэжыму ўсе ідуць у сталовую, потым усё вяртаюцца.

Змяніць працу можна. Але толькі калі ты не асуджаны па 328-ым артыкуле за наркотыкі. Звычайна гэта швейная вытворчасць або піларама.

Адзенне зняволеных

Летняя і зімовая вопратка не вельмі адрозніваецца. Улетку гэта роба і чаравікі, так званыя карантынкі. Усе чорнага колеру. Чаравікі наогул не прадзьмухваюцца, нібы кірзавыя. І ты ў іх з самага ўздыму і да адбою.

Зімовая – гэта калі замест кепкі дадаецца шапка-ушанка і ватоўка. Калі чалавека падтрымліваюць са свабоды, то яму дасылаюць шкарпэткі, споднікі. Куртку не могуць даслаць.

Само адзенне вельмі халоднае. У правілах унутранага распарадку забараняецца, каб адзін асуджаны перадаў вопратку іншаму, нават шкарпэткі.

Пра адпачынак

Выходных няма наогул. Кожны дзень – распарадак. Нельга спаць больш за 8 гадзін або нават проста паляжаць. Па-за адбою знаходзіцца на ложку забаронена.

Што датычна адпачынку, то ёсць вольны час з 7 да 9 вечара, у залежнасці ад калоніі. Але ты абмежаваны перамяшчэннямі – у іншы атрад ты не можаш схадзіць без адабрэння адміністрацыі.

Калі ёсць канцэрты, то не я не магу на яго не пайсці. Калі не пайду – мяне могуць адправіць у штрафны ізалятар.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *