Станіслава Паўлінковіча затрымалі, калі ён прыйшоў у Следчы камітэт.

3 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Раніцай 3 жніўня магілёўскага актывіста Станіслава Паўлінковіча затрымалі ў будынку Следчага камітэта. Ён паспеў паведаміць пра гэта праваабаронцам «Магілёўскай вясны» ў СМС.

Раней ён папярэдзіў іх, што ў панядзелак, 3 жніўня, яго выклікалі да следчага, які вядзе крымінальную справу ў дачыненні да Паўлінковіча. Актывіст выказаў здагадку, што яго затрымаюць і адправяць у ізалятар часовага ўтрымання па старой адміністрацыйнай справе.

Пазней адвакатка Паўлінковіча пацвердзіла, што Станіслава сапраўды адправілі адбываць арышт на 15 сутак.

Нагадаем, што 11 траўня Станіславу Паўлінковічу прысудзілі 15 сутак арышту за ўдзел у мірнай акцыі «Кармленне галубоў» на плошчы Славы 2 траўня.

Ён нават не паспеў адбыць «суткі» да канца, як прама з ІЧУ 21 траўня яго зноў адправілі ў суд. Там яго асудзілі яшчэ на 15 сутак і аштрафавалі на 1000 рублёў за непадпарадкаванне міліцыі пры затрыманні і абразу супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Станислав Павлинкович вышел из могилёвского ИВС и сообщил, что ему дали ещё 15 суток

З тых часоў 15 сутак віселі над Паўлінковічам больш за 2 месяцы. Толькі цяпер, за тыдзень да выбараў, Ленінскі РАУС вырашыў падвергнуць яго адміністрацыйнаму арышту за травеньскія падзеі.

Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Саша Райкан лічыць, што ўлады мэтанакіравана арыштавалі Паўлінковіча менавіта цяпер:

– Выбары ўваходзяць у фінальную стадыю. Паўлінковіч сеў на 15 сутак зараз – выйдзе раніцай 17 жніўня. Гэта як раз той адрэзак часу, калі ўлады чакаюць масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў. А тое, што фальсіфікацыі будуць – відавочна. Паўлінковіч не першы і не апошні – у бліжэйшыя два тыдні будзе хваля затрыманняў тых, хто гатовы выходзіць на вуліцы.

На могилевского активиста Станислава Павлинковича завели уголовное дело за оскорбление судьи ФОТО

Станіслаў Паўлінковіч таксама праходзіць як фігурант крымінальнай справы. Следчы камітэт падазрае актывіста ў тым, што той ужыў падчас паседжання 21 траўня ў дачыненні да суддзі Аксаны Ратнікавай «выразы абразлівага характару ў непрыстойнай форме». Такім чынам, Станіслаў парушыў арт. 391 КК РБ – «абраза суддзі або народнага заседацеля ў сувязі з выкананнем правасуддзя». Калі віну Паўлінковіча дакажуць, то яго чакае штраф або папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў, а таксама альбо арышт, альбо абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў.