Праваабаронцу Андрэя Бандарэнка ў Магілёве чакае тры суды за два дні

Сярод іх будзе папярэдняе паседжанне па крымінальнай справе, якую завялі супраць экс-кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформа Іннавэйшн».

7 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі


Раніцай 8 лютага адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі ў Магілёўскім абласным судзе на рашэнне Ленінскага суда ад 19 снежня. Тады, нагадаем, Андрэй Бандарэнка і яго адвакат Вадзім Мушынскі абскардзілі дысцыплінарнае спагнанне з боку адміністрацыі магілёўскай турмы №4 за тое што, што зняволены не зрабіў даклад кантролеру, калі той увайшоў у яго камеру. Акрамя гэтага, Бандарэнке ставіцца ў віну няякасна зробленыя канверты, вытворчасцю якіх ён займаецца ў турме. Раённы суд адмовіў. У абласным працэс пачнецца а 10:00.

Менш чым праз пяць гадзінаў Бандарэнка і яго адваката Вадзіма Мушынскага чакае другі працэс. У 14:40 Ленінскі суд разгледзіць скаргу праваабаронцы на чарговае спагнанне, вынесенае 11 студзеня – за знаходжанне рук за спіной, што забаронена распарадкам турмы.

На наступны дзень, 9 лютага, у 10:30 у судзе Ленінскага раёна пачнецца папярэдні працэс па крымінальнай справе, заведзенай супраць Андрэя Бандарэнку за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК РБ). Гэтае паседжанне павінна таксама прадэманстраваць, наколькі адкрытым для СМІ і грамадскасці будзе працэс.

На дадзены момант праваабаронца павінен вызваліцца 31 сакавіка 2017 году – менш, чым праз два месяцы. Аднак у выпадку, калі суд прызнае яго вінаватым па крымінальнай справе, тэрмін можа павялічыцца да двух гадоў. У гэтым выпадку праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызнаюць яго палітвязнем.

Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзесятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Іннавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. Цяперашні яго тэрмін зняволення заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў