Праваабаронцу Валадара Цурпанава выпусцілі з-пад варты

Да гэтага яго месцазнаходжанне было невядома больш за суткі.

31 траўня. Магілёў. Суд Ленінскага раёну. Алесь Святліцкі.


Цурпанава павінны былі судзіць у судзе Ленінскага раёна. Там з раніцы дзяжурылі журналісты і праваабаронца Барыс Бухель. Як ён пазней высветліў, ў ізалятар часовага ўтрымання Валадара ня дастаўлялі, нягледзячы на папярэднюю інфармацыю аб гэтым:

– У Ленінскім РАУС мне сказалі, што яго ўжо адправілі ў суд. Тое ж самае сказалі і жонцы. Аднак тут яго няма. Дзе ён – невядома. Высветліць гэта цяжка, усе структуры перакідваюць адзін на аднаго – ІЧУ на РАУС, РАУС на суд, суд – на канвойную службу. Чалавек проста знік, – пракаментаваў сітуацыю нашаму карэспандэнту Барыс Бухель днём.

Цурпанава прывезлі каля пяці вечара. Выглядаў ён бадзёра, адразу пачаў размаўляць з журналістамі і перадаў Бухелю копіі пратаколаў ператрусу, канфіскацыі і затрымання.

IMG_0338  IMG_0349

IMG_0350  IMG_0355 IMG_0356  IMG_0365

– Мяне трымалі ў Ленінскім РАУС з учорашняга вечара. У ІЧУ не павезлі. Начаваць пакінулі ў спецыяльным аддзеле для затрыманых, у пакойчыку паўтара на два метры. Там мы начавалі ўчатырох: я і яшчэ трое маіх калегаў па няшчасці. Месца не хапала. Паесці нічога не давалі, так што з моманту затрымання (12.40, 30 траўня – заўв. Аўтара) я застаюся галодным, – гэта паспеў сказаць журналістам сам Цурпанаў, пакуль яго вялі ад міліцэйскай машыны ў будынак суда. Ужо там ён дадаў, што яму адмовілі і ў праве на абаронцу, што ён адзначыў у пратаколе:

– Мне прапаноўвалі паслугі дзяжурнага адваката, аднак я адмовіўся, бо выдатна ведаю, чый бок яны займаюць. Я запатрабаваў права знайсці сабе свайго, аднак мне адмовілі, – сказаў Цурпанаў на калідоры каля кабінета суддзі Бекешавай, якая павінна была весці працэс.

Падчас размовы карэспандэнт нашага сайта вёў дыктафонны запіс. Калі гэта ўбачылі канваіры Валадара, яны адразу ж запатрабавалі сцерці трэк. Зваротная рэпліка пра тое, што аўдыёзапіс ў памяшканні суда весці можна, міліцыянераў не супакоіла – яны спаслаліся на, нібыта, ўнутраную інструкцыю, па якой дазвол на аўдыёзапіс трэба браць у старшыні суда. Дзяжурны супрацоўнік аховы пацвердзіў гэта. Журналістаў вымусілі адключыць свае дыктафоны.

Праз некалькі хвілін да журналістаў і Бухеля падняліся двое супрацоўнікаў дэпартамента аховы у баявым. Карэспандэнт нашага сайта чуў, як адзін з іх вымаўляў дзяжурнаму, што той спакойна прапусціў ўсіх і што яму было «загадана сачыць за імі» (сапраўды, супрацоўнік аховы, пачынаючы з двух гадзін дня, рэгулярна выходзіў на вуліцу і назіраў за журналістамі і Бухелем – заўв. аўтара). Пасля гэтага да канваіраў падышоў намеснік камандзіра батальёна дэпартамента аховы і спытаў, ці ўсё ў парадку. Пачуўшы, што ўсё спакойна, ахова сыйшла.

Суд над Цурпанавым так і не адбыўся – суддзя Бекешава адправіла пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на дапрацоўку. Валадара вызвалілі з-пад канвою, пасля чаго ён нарэшце змог папіць вады і патэлефанаваць жонцы.

IMG_0374

IMG_0382

Затым ён крыху пагутарыў з журналістамі:

– Для мяне затрыманне было чаканым. Тое, што пракуратура рыхтуе правакацыю, я не сумняваўся. Гэта адбылося, калі я панёс у пракуратуру г. Магілёва сваю скаргу з пратэстам на распачаты раней адміністрацыйны працэс супраць мяне. Дзяжурная супрацоўніца аховы была з капітанам, чакалі мяне. Я падпарадкаваўся іх распараджэнню і прад’явіў пашпарт. Пасля адправіўся ў канцылярыю, каб аддаць сваю скаргу. Там яе прыняць адмовіліся. З’явіўся памочнік пракурора Дзмітрачэнка, які сказаў, што прыме мае паперы ўнізе, у фае. Я запатрабаваў кнігу скаргаў і прапаноў, на што ён адказаў, што я атрымаю яе таксама ўнізе. Мы спусціліся, а там мяне ўжо чакала міліцыя. Дзмітрачэнка сказаў, каб мяне затрымалі. Пасля гэтага схадзіў наверх за кнігай скаргаў, дзе я пакінуў усе ж свае заўвагі. Высветлілася, што мяне затрымліваюць за непадпарадкаванне міліцыі – нібыта, я адмовіўся паказваць пашпарт. Дзмітрачэнка дадаў, што ён гатовы даць патрэбныя паказанні. Я сказаў, што няма прычын для затрымання – пашпарт я паказаў, пра што сведчыць запіс у журнале наведвальнікаў. З’явіўся інспектар, які сказаў, што мой статус – затрыманы. Пасля мяне даставілі ў пастарунак. Там склалі пратакол, правялі нейкую падрыхтоўчую працу. Потым завезлі з чорнага ходу ў будынак Ленінскага РАУС, дзе дзяжурыў маёр Слаўнікаў, які вядзе яшчэ адзін адміністрацыйны працэс супраць мяне. Мяне адвялі ў камеру для затрыманых толькі пасля 21:00. – распавёў Цурпанаў.

Ён не згодны з абвінавачваннем і тым, у якіх умовах яго ўтрымлівалі:

– Вядома, я буду скардзіцца – і на тое, што мяне, як і іншых маіх «калегаў па няшчасці» не кармілі, што трымалі ў страшэнна цеснай камеры, што не адправілі сёння адразу на суд, а пратрымалі ў кабінеце маёра Слаўнікава цэлы дзень. У любым выпадку, я маю намер змагацца да канца, – заявіў Валадар Цурпанаў.

У міліцыянтаў ёсць два месяцы ад здзейснення правапарушэння, каб перарабіць пратакол і адправіць яго ізноў на разгляд. Пакуль шта праваабаронца застаецца асобай, супраць якой распачаты адміністрацыйны працэс.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў