Парады ад Ігара Случака. Права на мову

Як абараніць родную мову? Бліц-парады магілёўцам ад каардынатара кампаніі “Справаводства па беларуску”.

27 верасня. Магілёў-Гомель. Алесь Святліцкі. На здымку – Ігар Случак.


Ігар Случак – адзіны чалавек ў гісторыі Беларусі, які дамогся прыцягнення парушальніка да адказнасці за абразу беларускай мовы. Па просьбе mspring.online ён дэталёва распавёў, як абараніць сваё.

Я стаў сведкам, як хтосьці выказваецца ганебна пра родную мову і хачу прыцягнуць гэтага чалавека да адказнасці. Якія павінны быць мае крокі?

Алгарытм можа быць такі:

  1. Не трэба пагражаць чалавеку прыцягненнем да адказнасці;
  2. Не трэба ўступаць з чалавекам, што абразіў мову, ў прыватныя ці нейкія іншыя перамовы і тым больш зневажаць яго;
  3. Трэба, па магчымасці, зафіксаваць факт абразы (скрыны і г.д.) і сабраць як мага больш інфармацыі з адкрытых крыніц (сацсеткі і інш.) аб тым, хто абразіў мову;
  4. Звярнуцца з заявай і сабранай інфармацыяй у раённы выканаўчы камітэт, у якім пражывае чалавек, што абразіў беларускую мову – выканкамы па арт. 9.22 КаАП складаюць адпаведныя пратаколы і перадаюць іх на разгляд у суд, альбо самі выносяць пастанову, калі чалавек прызнае віну.

Калі вырашылі прыцягнуць чалавека да адказнасці, то трэба гэта рабіць адразу, не зацягваць з заявай, бо тэрмін прыцягнення да адказнасці 2 месяцы з моманту здзяйснення правапарушэння.

Што рабіць, калі чыноўнік, міліцыянт ці іншы дзяржслужачы адмаўляецца разумець беларускую мову і просіць перайсці на “чалавечаскую”?

У адпаведнасці з законам “Аб дзяржаўнай службе” трыма галоўнымі крытэрамі паступлення на дзяржаўную службу з’яўляюцца: грамадзянства Беларусі, наяўнасць 18 год і валоданне абедзвюма дзяржаўнымі мовамі ў межах, што дазваляюць пералічаным катэгорыям грамадзян выконваць свае абавязкі. Калі дадзеныя асобы спасылаюцца на тое, што не разумеюць беларускую мову, то яны не адпавядаюць сваёй пасадзе. Таму ў дадзеным выпадку варта звярнуцца з пісьмовым зваротам у іх галіновае міністэрства і апісаць сітуацыю. Запэўніваю, што іх веды беларускай мовы пасля гэтага вырастуць у шматкроць. У адрозненні ад дзяржслужачых, шэраговы грамадзянін Беларусі не абавязаны валодаць абедзьвума дзяржаўнымі мовамі. Тэарытычна, ён наогул не абавязаны валодаць рускай і беларускай мовай.

Ці заўсёды трэба прыцягваць чалавека да адказнасці, калі ягоная пазіцыя, што беларуская мова – другасная? Калі не, то ў якіх выпадках?

Па-першае, калі чалавек выказвае сваю думку аб тым, што беларуская мова другасная, але робіць гэта карэктна,абгрунтоўвае сваю пазіцыю без абраз, то, зразумела, тут мы маем выказванне думкі і падстаў для прыцягнення да адказнасці тут няма. Гэта меркаванне чалавека і тут мы пры жаданні можам толькі паспрабаваць яго пераўпэўніць сваімі аргументамі і контраргументамі.

Па-другое, я б усё ж не раіў адразу прыцягваць чалавека да адказнасці, нават калі ён выказваў яўныя абразы ў адрас мовы. Трэба спачатку, на мой погляд, прапанаваць чалавеку выбачыцца за свае словы. То бок не пужаць прыцягненнем да адказнасці, не спрабуючы пераўпэўніць, а проста прапанаваць выбачыцца за абразу мовы. Калі чалавек адэкватны, калі ён сапраўды ўсвядоміць, што ён быў не правы і выбачыцца, то канфлікт будзе вырашаны без удзелу дзяржавы. Я за тое, каб людзі ўмелі дамаўляцца паміж сабою і вырашаць любыя канфлікты цывілізавана і ў перамовах.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў