Палітвязня Зміцера Паліенку выпусцілі з бабруйскай калоніі


ПРАВААБАРОНА / Wednesday, October 24th, 2018

Вывезлі з тэрыторыі ПК №2 на «хуткай дапамозе» ў чатыры раніцы.

24 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – Радыё Свабода, svaboda.org


Прызнаны праваабарончай арганізацыяй Amnesty International вязнем сумлення Зміцер Паліенка выйшаў на волю. Ён адбыў паўтара гады ў бабруйскай папраўчай калоніі №2 па абвінавачванні ў «гвалце ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў», а таксама за распаўсюд парнаграфіі.

29 красавіка 2016 года ў Мінску Паліенку удзельнічаў у мірным велапрабегу «Крытычная маса». Мерапрыемства было брутальна сарвана міліцыяй. Пазней адзін з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў абвінаваціў Паліенку у тым, што той парваў яго куртку. Гэты эпізод лёг у аснову крымінальнай справы. Пазней дадаліся абвінавачванні ў распаўсюдзе парнаграфіі.

Пры гэтым дакладных доказаў віны Паліенкі ў судзе прыведзена не было. У кастрычніку 2016 года яму далі два гады з адтэрміноўкай, аднак у красавіку 2017 усё ж такі адправілі адбываць пакаранне ў ПК №2.

Адтуль ён выйшаў 24 кастрычніка. У чатыры гадзіны раніцы, па словах яго сяброўкі Марыны Насенка, яго вывезлі з тэрыторыі калоніі на машыне «хуткай дапамогі» пад канвоем. Зроблена гэта было, каб ніхто яго не сустракаў пад варотамі ПК №2. Затым яго даставілі ў Асіповічы, адкуль ужо пасадзілі на цягнік да Мінска. Там яго сустрэлі сябры, калегі і журналісты. Акрамя гэтага, відэаздымку сустрэчы вялі сілавікі ў цывільным.

Пасля вызвалення Зміцера ў Беларусі (і ў Магілёўскай вобласці ў прыватнасці) застаецца адзін палітвязень – праваабаронца Міхаіл Жамчужны.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *