На думку прадстаўнікоў дэмакратычных партый і рухаў, улады сфармавалі абласную і выбарчыя акруговыя камісіі з парушэннямі.

4 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель распавёў пра тое, што большасць зарэгістраваных партый і палітычных рухаў абскардзяць неўключэнне сваіх сябраў у склады Магілёўскай абласной выбарчай камісіі і акруговыя выбарчыя камісіі.

Вядома, што скаргі ў Магілёўскі абласны суд ужо накіраваў цэнтральны офіс АГП. Прадстаўніком на працэсе будзе старшыня рэгіянальнай арганізацыі партыі Уладзімір Шанцаў.

Таксама скаргу ў суд будзе падаваць прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Абскардзіць неўключэнне сваіх сябраў у склад магілёўскіх выбаркамаў будзе «Рух за Свабоду».

У астатніх рухах і партыях, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у мясцовыя выбарчыя камісіі, пакуль вагаюцца з рашэннем. Тэрмін падачы скаргаў на сумеснае рашэнне прэзідыумаў абласнога Савета дэпутатаў і Магілёўскага аблвыканкама мінае 5 верасня.

Адзначым, што Магілёўская вобласць стала адзінай, дзе ў склад абласной і акруговых выбарчых камісій не ўключылі ніводнага прадстаўніка апазіцыі.

Выбары пачынаюцца: абласныя ўлады сфармавалі акруговыя выбаркамы, ніводнага дэмакрата ў іх склад не ўключылі