На апеляцыю ён і не разлічваў. На разгляд справы аб адміністрацыйным арышце на 10 сутак за дзвюххвілінны прысутнасць каля нібыта несанкцыянаванай акцыі пайшло ўсяго паўгадзіны.

2 чэрвеня. Магілёў. Ірына Вайс


Інтрыга ў гэтай справе заключалася ў тым, што Аляксандр Буракоў меў на руках пацверджанне таго, што ён не мог удзельнічаць ні ў якіх акцыях у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага 6 траўня каля магілёўскага ІЧУ.

Міліцыянты сцвярджалі, што ў 19.15 ён прыбыў на месца пратэсту на асабістым аўтамабілі і прыняў «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Але да матэрыялаў справы Буракоў прылучыў пастанову пра штраф ДАІ за перавышэнне хуткасці ў вёсцы Фойна Магілёўскага раёна ў 19 гадзін 47 хвілін 6 траўня. А вёска Фойна знаходзіцца ў 17 кіламетрах ад месца меркаванага правапарушэння. Такім чынам, ён фізічна не мог знаходзіцца каля ІЧУ даўжэй пары хвілін.

У гэты дзень ён выконваў выключна праваабарончыя функцыі па пошуку зніклых кіроўцаў блогера Сяргея Ціханоўскага, якія былі знойдзеныя ім у РАУС Магілёўскага раёна. Пра гэта ён падрабязна пісаў на MSPRING.ONLINE.

Краіна для жыцця. Кіроўцам блогера Сяргея Ціханоўскага не аддаюць іх аўтамабілі

У Магілёўскім абласным судзе суддзе Сяргею Мазураву праваабаронца растлумачыў, што проста вёз дадому знойдзеных кіроўцаў, адзін з якіх жыве ў пасёлку Любуж ў Магілёўскім раёне. Да ІЧУ ён пад’ехаў, каб паказаць кіроўцаў і такім чынам супакоіць людзей. Нават на відэа, прад’яўленым міліцыяй у судзе, бачна, што аўтамабіль стаяў проста на дарозе не прыпаркаваны, і рухавік не быў заглушаны. А праз дзве з паловай хвіліны машына з’ехала.

Але суддзя Ленінскага суда горада Магілёва Вікторыя Палякова асудзіла за гэта Аляксандра Буракова на 10 сутак арышту, палічыўшы што ён парушыў ч.1 артыкула 23.34 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Буракоў сваю віну не прызнаў і падаў скаргу ў абласны суд.

Дарэчы абвінавачванне ва ўдзеле, якое доўжылася «ледзь больш за дзве хвіліны» – гэта не перабольшанне дзеля прыгожага слоўца. Напісанае міліцыянтамі трэба разумець літаральна. Аляксандр Буракоў для MSPRING.ONLINE прадаставіў копію старонкі пратаколу, у якім маёр Павел Башарымаў менавіта ў гэтым і абвінаваціў журналіста і праваабаронцу.

Аляксандр Буракоў у сваім выступе асабліва падкрэсліў, што яго пераслед носіць палітычны характар. А 10 сутак турмы за дзвюххвілінны стаянне ля групы людзей ён назваў «палітычным тэрорам».

Што адбывалася далей, праваабаронца апісвае так:

– Суддзя Мазураў відавочна сумаваў і адбываў нумар. У пэўны момант мне падалося, што ён наогул нічога не слухае і ў думках лунае ў аблоках. Я нават лічу, што ён не чытаў матэрыялы справы, бо быў некалькі здзіўлены інфармацыяй пра тое, што да справы я прыклаў копію пастановы пра штраф ДАІ.

Дарэчы, скаргу ў аблсуд я падаў 28 траўня, пасля абеду. А суд быў прызначаны на 29-ага, то бок на наступны дзень, а 9.15 раніцы. Сумняюся, што ў суддзі былі час і задача азнаёміцца ​​з усімі перыпетыямі справы. Палітычныя справы ў нас штампуюцца.

Калі суддзя абвясціў перапынак у мяне ўжо не было сумневаў, што мая скарга не будзе задаволеная. Так і здарылася. На ўсё пра ўсё сышло менш за паўгадзіны: у 9.15 нас запрасілі ў залу пасяджэнняў, а ў 9.45 я ўжо ехаў у машыне дадому. Судовай улады ў краіне проста няма.