Галоўны санітарны ўрач Беларусі спалохалася пытання праваабаронцаў і перанакіравала іх запыт у міліцэйскае ведамства.

4 лістапада. Магілёў. Саша Мінько


Міністэрства аховы здароўя гарантуе нам, як мінімум, дзве гадзіны прамых сонечных прамянёў у дзень у любым памяшканні, дзе б мы ні знаходзіліся. Калі гэтая норма не працуе, то будынак у прынцыпе не можа быць пабудаваны, бо будзе небяспечным для здароўя.

Гэта пазначана ў дакуменце “Санітарныя нормы і правілы “Патрабаванні да натуральнага, штучнага і сумяшчальнага асвятлення памяшканняў жылых і грамадскіх будынкаў, і г.д.” зацверджаныя Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 28.06.2012 №82.

Аднак праваабаронцы “Магілёўскай вясны” высветлілі, што гэтая норма парушаецца ў беларускіх СІЗА і турмах. У гэтых пенітэнцыярных установах немагчыма нават зрабіць патрэбныя замеры асвятлення, а супрацоўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў на парушэнні заплюшчваюць вочы. Мы пра гэта ўжо пісалі і не раз.

Департамент МВД «не заметил» листы железа на окнах бобруйского СИЗО. На фото они видны превосходно

Менавіта адказ пракурора горада Бабруйска, старэйшага саветніка юстыцыі Аляксандра Канецкага, датычна ўмоў утрымання ў бабруйскім СІЗА стаў прычынай асобнага запыту ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Пракурор заявіў у лісце, што «санітарным заканадаўствам, у тым ліку санітарнымі нормамі і правіламі «Патрабаванні да натуральнага, штучнага і сумяшчальнага асвятлення памяшканняў жылых і грамадскіх будынкаў», нормы натуральнага асвятлення для эксплуатаваных спецыяльных і папраўчых устаноў не абумоўленыя».

Па тлумачэнні праваабаронцы вырашылі звярнуцца да аўтараў Санітарных нормаў і правілаў – у Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Пытанне было простым – ці дзейнічаюць Санітарныя нормы і правілы, зацверджаныя Міністэрствам аховы здароўя, у СІЗА, турмах, арыштных дамах і папраўчых калоніях. Бо гэтыя закрытыя ўстановы працягваюць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і жывуць па беларускіх законах.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава адмовілася адказваць на запыт. Яна перанакіравала зварот для разгляду ў Міністэрства ўнутраных спраў. Іншымі словамі, намеснік міністра сама не ведае, як працуе закон, які зацвердзіла яе ж ведамства.

Замест таго, каб навучыць міліцыянтаў карыстацца дакументам Міністэрства аховы здароўя, яна вырашыла павучыцца ў іх сама.

Пікантнасці сітуацыі дадае той факт, што праваабаронцы раней адправілі падобны запыт і ў Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС), пра што чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя не ведалі.

Дырэктар БелДІСС Аляксандр Скуратаў адзначыў, што “тлумачэнне дакументаў, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, не ўваходзіць у кампетэнцыю БелДІСС. Для таго, каб даведацца, якія санітарныя нормы і правілы прымяняюцца для эксплуатаваных спецыяльных і папраўчых устаноў трэба звярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя“.

Як аказалася, у Міністэрстве аховы здароўя не ў сілах растлумачыць ўласныя нарматыўныя акты.

У дадзены момант праваабаронцы накіравалі скаргу ўжо на саму Наталлю Жукаву. Таксама яны паўторна запатрабавалі разбору сітуацыі ад Міністэрства аховы здароўя, які і зацвердзіў адпаведныя нормы.