Патрабаванне канчатковага спынення працы прадпрыемства накіраваны ў Савет Міністраў, парламент і Мінпрыроды.

5 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Актывіст кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў абвясціў, што пад петыцыямі аб забароне працы завода па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон» сабралі 3100 подпісаў.

– Частка подпісаў была сабрана на электроннай платформе petitions.by (2626). Астатняя частка – пад папяровымі зваротамі. Сёння іх адправілі ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў, а таксама Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, – распавёў Бодзілеў.

Кампанія актыўна дзейнічае з канца 2018 года. На збор больш за 2,5 тысяч подпісаў пад электронным зваротам спатрэбілася 20 дзён.

Падпісанты патрабуюць аб’явіць тэрыторыі, якія прымыкаюць да «Омск Карбон Магілёў» зонамі экалагічнай рызыкі, экалагічнага крызісу і забяспечыць эфектыўны кантроль за працай прадпрыемстваў, якія забруджваюць прыроду хімічнымі адкідамі.

Таксама яны заяўляюць, што «Омск Карбон» пабудаваны са шматлікімі парушэннямі, адно з якіх у тым, што адлегласць ад завода да жылых дамоў складае 873 м пры норме 1000 м. Па дадзеных уладаў, неабходная адлегласць вытрыманая.

Нягледзячы на гэта, гараджане патрабуюць прыняць меры па канчатковаму прыпынку работ на заводзе і перанесці яго ў іншае месца.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *