Абласны суд пакінуў у сіле штраф магілёўскім фрылансерам


ПРАВААБАРОНА / Thursday, July 19th, 2018

Цяпер Аліна Скрэбунова і Яўген Глушкоў удваіх павінны будуць выплаціць дзяржаве 80 базавых велічынь за журналісцкую дзейнасць.

19 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Суддзя Магілёўскага абласнога суда Міхаіл Мельнікаў 19 ліпеня разгледзеў скаргу фрылансераў Аліны Скрэбуновай і Яўгена Глушкова на рашэнне суда Ленінскага раёна.

29-ага траўня суддзя Таццяна Касцюк прысудзіла Скребуновой 50 базавых велічынь, а Глушкову – 30 базавых велічынь штрафу за супрацоўніцтва з тэлеканалам БелСАТ.

У віну абодвум ставілася стварэнне двух сюжэтаў. Першы з іх быў прысвечаны памылцы магілёўскіх уладаў, з-за якой выселілі жыхароў дамоў па вуліцах Будаўнікоў і Заслонава, другі – самагубству кіраўніка аграпрамкомплекса «Купалаўскае» Дзмітрыя Васілеўскага ў Шклоўскім раёне.

На думку КДБ, які ініцыяваў адміністрацыйныя справы, Глушкоў і Скрэбунова прынялі ўдзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ, чым парушылі закон.

Фрылансеры яшчэ да суда першай інстанцыі заявілі пра палітычны характар свайго пераследу. На пасяджэнні 19 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе Яўген Глушкоў настойваў, што суд і міліцыя «фактычна адмовіліся забяспечваць рэалізацыю гарантаваных дзяржавай канстытуцыйных і неад’емных правоў грамадзян на свабоднае выказванне меркаванняў і перакананняў i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў і аб палітычнай і міжнародным жыцці».

Ён таксама звярнуў увагу на прамашкі, якія зрабіла суддзя Касцюк пры разглядзе справы 29 траўня: нелагічнасць высноваў, ігнараванне Канстытуцыі і міжнародных дагавораў, размытасць фармулёвак у судовай пастанове.

Суддзя Міхаіл Мельнікаў заслухаў довады фрылансераў, але рашэнні Ленінскага суда не адмяніў. Рашэнне пра штраф для Скрэбуновай і Глушкова ўступіла ў сілу.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *