Станіслаў Паўлінковіч – адзін з самых непрымірымых гарадскіх апазіцыянераў. І ўлады ганаравалі яго «асаблівым стаўленнем»

15 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Станіслаў Паўлінковіч – магілёвец. Ён працуе на Магілёўскім металургічным заводзе. Апошнія некалькі гадоў ён актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычнай дзейнасці. Каля дзясятка разоў Паўлінковіч выходзіў на акцыі пратэсту супраць дзеянняў беларускіх уладаў – і кожны раз улады праз міліцыю яму гэтага не даравалі.

Каб ацаніць маштаб, можна прайсці па гэтай вось спасылцы (мы рэгулярна фіксавалі парушэнне яго правоў).

Апошнія рэпрэсіі супраць Паўлінковіча здарыліся ў траўні праз акцыю «кармленне галубоў». Мясцовы суд прысудзіў яму трыццаць сутак арышту, з якіх 15 Станіслаў ужо адбыў. Яшчэ 15 сутак яго могуць адправіць адбываць у любы момант.

Станіслаў Паўлінковіч пакінуў Магілёўскі ІЧУ і паведаміў, што яму далі яшчэ 15 сутак

Цяпер жа актывіст звярнуўся ў сваім Facebook да беларусаў з просьбай аб дапамозе:

«У снежні мінулага года я, як і тысячы беларусаў, прымаў удзел ва ўсіх акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Лічу, іх правядзенне было цалкам апраўданым. Мы з вамі спынілі аншлюс і паказалі ўсяму свету нашу рашучасць і прыхільнасць незалежнасці. Гэта самае святое, што ёсць у нас.

За гэта я быў двойчы аштрафаваны на 1485 рублёў. Таксама ў траўні гэтага года я адсядзеў 15 сутак толькі за тое, што асмеліўся пакарміць галубоў на плошчы свайго горада ў знак салідарнасці з брэстаўчанамі. У дадатак мне прысудзілі яшчэ 15 сутак + 1215 рублёў за абразу і непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, які затрымаў мяне на працы па палітычным артыкуле».

Па словах Паўлінковіча, агульная сума «доўгу дзяржаве» разам з пянямі і утрыманнем у ІЧУ складае 3000 рублёў. Самастойна аплаціць іх ён не ў стане. Актывіст просіць суграмадзян праявіць «салідарнасць і падтрымку» і дапамагчы яму фінансава. Да сваёй просьбы ён прыклаў судовыя пастановы. Падрабязнасці і нумар карткі – у ягоным Facebook.