Актывісту Паўлінковічу пагражаюць суткі за парушэнне, пра якое ён нават не падазраваў


ПРАВААБАРОНА / Monday, March 26th, 2018

А яшчэ яму далі дзьве базавыя за пераход праезнай часткі ў неналежным месцы, хоць сам ён ішоў па тратуары – па яго словах.

26 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі. На фота – 26 сакавіка/Супрацоўнікі міліцыі выводзяць Станіслава Паўлінковіча са службовай машыны на пасяджэнне ў суд Ленінскага раёна


У панядзелак, 26 сакавіка, у судзе Ленінскага раёна адбылося першае паседжанне па адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні сябра аргкамітэта БСДП (Народнаяграмада) Станіслава Паўлінковіча. Журналісты і праваабаронцы чакалі, што працэс адбудзецца ў першай палове дня, аднак актывіста даставілі толькі пасля абеду.

Паўлінковіч адразу хадайнічаў, каб яму далі час на пошук адваката. Суддзя Алена Літвінава задаволіла хадайніцтва і перанесла пасяджэнне на 2 красавіка.

Пасля выхаду з залы суда актывіст распавёў пра падрабязнасці сваёй справы:

– Каля гадзіны дня 24 сакавіка я выйшаў у краму «Гарадок», гэта на вуліцы Якубоўскага. Дайсці я не змог – з-за кута неспадзявана выйшлі двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Яны не прадставіліся, хоць я і прасіў. Сказалі мне, што, нібыта, я падобны на чалавека ў вышуку. Адвялі мяне да машыны, у якой было яшчэ некалькі чалавек – супрацоўнікаў АМАП. Мяне адвезлі ў Ленінскі РАУС. Там адзін з АМАПаўцаў пачаў пытацца, навошта я ўдзельнічаю ў акцыях, чым я займаюся. Прагаварыўся, што затрымалі мяне, каб я не патрапіў на шэсце ў Мінску 25 сакавіка. У выніку на мяне склалі пратакол па артыкуле 18.23 КаАП – за тое, што я ў неналежным месцы перайшоў дарогу. Хоць я рухаўся толькі па тратуары, – паведаміў Паўлінковіч пасля суда.

Паводле яго слоў, яму не далі звязацца з роднымі.

– Супрацоўнікі міліцыі матывавалі гэта тым, што «мы не ў ЗША», – іранічна заўважыў актывіст.

Ён сцвярджае, што іншы супрацоўнік АМАП у цывільным заявіў аб тым, што апазыцыю «прасцей расстраляць, як НКУС – ім было б меней клопату».

Станіслава Паўлінковіча (адчыняе дзверы) вядуць на суд

З РАУС Станіслава Паўлінковіча вывезлі ў ізалятар часовага ўтрымання каля трох уначы. Перад гэтым актывіст даведаўся, што на яго завялі яшчэ адну адміністрацыйную справу, пра якую ён нават не падазраваў.

Напісалі, што я, аказваецца, аказаў непадпарадкаванне міліцыі. Аформілі пратакол па артыкуле 23.4 КаАП. Прычым складалі яго без мяне, я нават з ім не азнаямліваўся. Усё гэта лухта – я адразу прайшоў з міліцыянтамі, як толькі мяне затрымалі. Гэты пратакол стаў асновай для сённяшняга суда.

Яшчэ перад судом да актывіста ў ІЧУ прыехалі супрацоўнікі ДАІ, якія аштрафавалі яго на дзьве базавыя велічыні за парушэнне ПДР. Ён мае намер абскардзіць штраф.

Актывіст Станіслаў Паўлінковіча збіраўся ўзяць удзел у шэсці   Мікалая Статкевіча ў Мінск, аднак да месца ён не дабраўся. На працягу ўсяго 25 сакавіка сувязі з актывістам не было. Яго бацькі толькі напрыканцы дня даведаліся, што Станіслаў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *