Пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб сустрэлася з магілёўскімі праваабаронцамі

Яна абмеркавала з Барысам Бухелем і Аляксеем Колчыным праблемы правоў чалавека, з якімі сутыкаюцца жыхары горада і вобласці.

14 мая. Магілёў. Алесь Святліцкі


Напачатку пасол Яе Вялікасці Фіёна Гіб сказала, што раней яна сустракалася са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім і іншымі чыноўнікамі, з якімі абмеркавала аспекты эканамічнага і адукацыйнага супрацоўніцтва. Нягледзячы на гэта, пытанне правоў чалавека з’яўляецца прыярытэтным для міс Гіб і яе дзяржавы:

– Свабода прэсы, свабода масавых сходаў, правы чалавека – гэта вельмі важна для нас. У Менску мы ўжо размаўлялі з вашымі калегамі, але мы б хацелі больш даведацца аб праблемах, якія характэрныя для вашага рэгіёну.

Праваабаронцы Аляксей Колчын і Барыс Бухель, у сваю чаргу, распавялі пра бягучыя справы:

– Падчас выбарчых кампаній, эканамічнага крызісу прэсаваць пачынаюць журналістаў, тым больш, што незалежных ў Магілёве вельмі няшмат. Пераследуюць карэспандэнтаў замежных СМІ – Deutsche Welle, Белсат. У мінулым годзе пераследвалі галоўнага рэдактара газеты «Наш Магілёў» Ігара Барысава за тое, што ён апублікаваў дадзеныя аб пройгрышы ў казіно дырэктара дзяржпрадпрыемства. Прама зараз спрабуюць засунуць у войска, нягледзячы на медыцынскія праблемы, журналіста Алеся Буракова, які робіць матэрыялы аб дзейнасці праваабаронцаў, – распавёў Барыс Бухель.

Пасол Фіёна Гіб (справа) і перакладчыца Вольга Рапінчук

Пасол Фіёна Гіб (справа) і перакладчыца Вольга Рапінчук

Паводле ягоных слоў, у першую чаргу работа накіравана на абарону грамадзянскіх і палітычных правоў і свабодаў. Аднак у апошні час усё больш прыходзіць людзей, якія просяць абароны ад дзяржавы ў жыллёвых, працоўных і сацыяльных спрэчках.

– Зараз мы займаемся судовым працэсам супраць высялення людзей з дамоў па вуліцах Будаўнікоў і Заслонава. Аблвыканкам, будтрэст і БТІ імкнуцца даказаць, што людзі жывуць у пакоях у інтэрнатах, хоць у жыхароў ёсць дакументы, з якіх відавочна, што іх жылле – гэта кватэры. Раней было чымсьці падобная справа, калі людзей высялялі з дамоў на тэрыторыі былой ваеннай часткі. Тады мы дамагліся таго, каб ім далі ўзамен новыя кватэры, – сказаў Бухель.

Аляксей Колчын адзначыў, што важным элементам працы праваабаронцаў з’яўляецца публічнасць:

– Мы стараемся, каб інфармацыя пра справы, якімі мы займаемся, як мага часцей з’яўлялася ў СМІ. У нас ёсць свой сайт MSPRING.ONLINE, але важна, каб навіны пастаянна з’яўляліся і на «Радыё Свабода, і на БелаПАН, і ў іншых масмедыя. Калі нейкая справа публікуецца, рэакцыя мясцовых уладаў адразу змяняецца – яны больш уважліва сочаць за сабой.

Фіёна Гіб уважліва выслухала праваабаронцаў, пасля чаго падзякавала іх за дзейнасць:

– Я разумею, наколькі цяжка ў такіх умовах вам працаваць. Вы – праменьчык святла для многіх людзей.

Яна пажадала поспехаў і заявіла, што будзе сачыць за дзейнасцю магілёўскіх праваабаронцаў. Таксама яна паабяцала завітаць да іх яшчэ раз – ужо летам.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў