Пасля публікацый у СМІ актывіста выклікалі на допыт

Станіслаў Паўлінковіч, які ўжо паўгады не можа вярнуць вынятую міліцыяй тэхніку, пабываў 3 жніўня на допыце ў Ленінскім РАУС.

3 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Сябру БСДП (Народная грамада) Станіслава Паўлінковіча раніцай 3 жніўня выклікалі на допыт у міліцыю па факце распаўсюджвання парнаграфіі ў сацыяльнай сетцы 6 гадоў таму.

Як распавёў актывіст, да яго спачатку дадому прыехалі міліцыянты і папрасілі праехаць з імі на допыт. Паўлінковіч адмовіўся ехаць з імі і прыбыў у Ленінскі райаддзел самастойна. Допыт вёў лейтэнант Зотаў.

– Я спытаў у яго, чаму праверка ў дачыненні да мяне вядзецца так доўга – паўгады ўжо амаль. І тут са здзіўленнем даведаўся, што праверку прыпынялі, а потым аднавілі. Але цяпер, нібыта, у бліжэйшыя дзён дзесяць справа ўжо будзе перададзена ў Следчы камітэт. Заварушыліся яны, я думаю, пасля маёй скаргі ў пракуратуру за зацягванне праверкі і публікацый у СМІ, – распавёў Паўлінковіч.

Ён паведаміў, што ад дачы паказанняў на допыце ён адмовіўся.

– У мяне было такое права і я ім скарыстаўся, – пракаментаваў актывіст свой учынак.

Раней актывіст спрабаваў высветліць, калі яму вернуць адабраную падчас ператрусу 7 сакавіка кампутарную тэхніку. На гэта ў міліцыі яму паведамілі, што пакуль у дачыненні да яго вядзецца праверка, тэхніку яму не вернуць.

Станіслава Паўлінковіча падазраюць у распаўсюдзе парнаграфіі ў сацыяльнай сетцы 6 гадоў таму. Пры гэтым адзіным доказам, пра які ведае актывіст, з’яўляецца скрыншот з неразборлівым малюнкам. Сваё пераслед сябра “Народнай грамады” звязвае з грамадскай дзейнасцю і ўдзелам у пратэстных акцыях восенню 2016 і вясной 2017 гадоў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў