Папярэдне: ва ўчастковыя выбаркамы Магілёва ніхто з апазіцыянераў не трапіў

Вялікі тэкст, поўны болю.

27 ліпеня. Магілёў. Будынак адміністрацыі Ленінскага раёна. Будынак адміністрацыі Кастрычніцкага раёна. Алесь Святліцкі / Ігар Лазоўскі


А 8 раніцы 27 ліпеня ў адміністрацыях Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў прайшлі пасяджэнні, на якіх сфарміравалі ўчастковыя выбарчыя камісіі. Ніхто з апазіцыі ў склад, згодна з існуючая інфармацыяй, не трапіў. Прыярытэт аддаваўся людзям, якія ўжо мелі вопыт удзелу ў УВК. Такім чынам, на думку назіральнікаў, улады сфармавалі зручны для іх склад.

На пасяджэнні кіраўніцтва Кастрычніцкага раёна сфармавалі 68 камісій, куды патрапіла 973 чалавекі. Усяго падавалі заякі 985 чалавек.

– 12 чалавек адсеялі: 3 з-за парушэнні працэдуры падачы, 9 – проста не прайшлі “конкурс”. У двукоссях, таму што абмеркавання кандыдатур не было, зачытвалі толькі год нараджэння, імя і прозвішча, месца працы і спосаб вылучэння, – кажа назіральнік ад Магілёўскага праваабарончага цэнтра Аляксандр Буракоў. Паводле яго слоў, была зроблена спроба не дапусціць яго на пасяджэнне:

– Першапачаткова мне было адмоўлена ў доступе ў залу пасяджэнняў на падставе таго, што арганізацыя, якая вылучыла мяне назіральнікам, не мае акрэдытацыі пры ЦВК. Аб гэтым мне паведаміў начальнік арганізацыйна-кадравай работы адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Дзмітрый Цімафеенка, які потым быў дакладчыкам на пасяджэнні. Мы з ім трохі паспрачаліся, пасля чаго ён сказаў, што не адмаўляе мне ў доступе ў залу пасяджэнняў, але пры гэтым маё знаходжанне там неправамерна. На пытанне, чаму неправамерна, калі мяне ўсё-такі пускаюць, Цімафеенка зноў спаслаўся на адсутнасць акрэдытацыі арганізацыі пры ЦВК.

Буракоў сцвярджае, што ў прадстаўнікоў апазіцыі не было шанцаў трапіць ва УВК.

– Ва ўчастковыя выбаркамы №27 і 46 вылучаліся два прадстаўнікі Беларускай Партыі Левых “Справядлівы свет”. Адміністрацыя аднагалосна прагаласавала супраць абодвух без тлумачэння прычын.

Персанальнае галасаванне кіраўніцтва раёна праводзіла толькі па сямі участках. Усе астатнія галасавалі спісам.

– У кожны патрапіла па 15 чалавек, за выключэннем закрытых устаноў – там у склад УВК патрапіла 5-7 чалавек. Усе пасяджэнне заняла роўна 54 хвіліны.

Як адзначае Буракоў, падчас яго стала відавочна, што выбаркамы фармаваліся па вытворчаму прынцыпу.

– З тых камісій, па якіх праводзілася персанальнае галасаванне, было відаць, што іх члены працуюць у адных і тых жа установах. Ва УВК №12, напрыклад, патрапілі, у асноўным, работнікі гімназіі №1, у №21 – «Будтрэста №17».

Паседжанне адміністрацыі Ленінскага раёна доўжылася амаль сем гадзін. За гэты час у склад 87 камісіяў уключылі 1274 члена УВК. Сітуацыю спецыяльна для MSPRING.ONLINE пракаментаваў праваабаронца, назіральнік ад Беларускага Хельсінскага Камітэта Аляксей Колчын:

– Адбывалася падзея наступным чынам: дакладчык, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы адміністрацыі Ленінскага раёна Таццяна Грышанава, зачытвала нумар УВК, прапаноўвала колькасць членаў УВК, потым адбывалася галасаванне па колькасці членаў УВК. Далей, у выпадку, калі «конкурсу» на месцы ў выбаркаме не было, зачытваўся ўвесь спіс вылучаных і адбывалася галасаванне спісам. У выпадку, калі «конкурс» быў, зачытваўся спіс вылучэнцаў з іх дадзенымі, такімі, як прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, ці мае гэты чалавек працу, адрас пражывання. Месца працы не прагаворвалася.

Далей адбывалася галасаванне па кожнаму вылучэнцу персанальна, без усялякага абмеркавання. Члены адміністрацыі мелі перад сабой спісы, паводле якіх і галасавалі, сінхронна, аднастайна – калі “за”, то ўсё за, калі «супраць», то ўсё супраць.

Такім чынам, рашэнне, як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, было загадзя прынята па ўсіх кандыдатурах. Адзінае “паляпшэнне” – гэта галасаванне персанальна па кожнай кандыдатуры пры наяўнасці “конкурсу” на месца ў складзе выбаркама. У Таццяне Грышанавай спатрэбілася каля 30 секунд, каб падвесці вынікі і аб’явіць абагульненыя дадзеныя, – паведаміў Колчын.

Адзначым, што ў Ленінскім раёне вылучалася некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў апазіцыі. Па папярэдніх дадзеных, ніхто з іх у склад УВК не трапіў.

Востра адрэагаваў у сваім Facebook на пасяджэнне камісіі кіраўнік АГП па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў:

У восем раніцы пачалося паседжанне адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва для зацвярджэння ўчастковых выбарчых камісій. Па прапанове кіраўніка адміністрацыі Лаўрыновіча, задаваць пытанні магла толькі адміністрацыя. І вось начальнік аргаддзелу зачытвае спісы прэтэндэнтаў па кожным участку, а адміністрацыя галасуе. Альбо ўсё «За», альбо ўсё «Супраць».

Я слушна задаю пытанне – мяне перабіваюць, што ўсе пытанні ў канцы. Але я [ўсё роўна] задаю пытанне – чаму нічога не абмяркоўваецца, для чаго сабралі 60 чалавек, каб моўчкі назіралі за тым, што адбываецца? Адказ просты – усе пытанні потым. Прайшло паўгадзіны.

За паўгадзіны такім чынам зацвердзілі 4 камісіі. Апазіцыя ў камісіі не праходзіць. Па якой прычыне – незразумела. А ўсяго трэба зацвердзіць 87 камісій. Прыкладна прыкідваю, што на зацвярджэнне ўсіх камісій спатрэбіцца 11 гадзін, але пры гэтым павінны моўчкі прысутнічаць 60 чалавек. Спрабую задаць пытанне, для чаго сабралі 60 чалавек, калі ўсё, што адбываецца, ад іх не залежыць ?

Адказ – пытанні потым. Я заявіў, што пакідаю такое паседжанне. Глядзець 11 гадзінаў на галасуючых манекенамі я не збіраўся”.

Этап усмешак скончыўся, пачаліся сапраўдныя беларускія выбары.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў