У Магілёве пасля ўдзелу ў Маршы недармаедаў адлічылі студэнтку

Рэктар МДУ імя. А.А. Куляшова Канстанцін Бандарэнка абвясціў Алене Кісель, што яе афіцыйна адлічваюць з ВНУ. Дзяўчыне да заканчэння ўніверсітэта заставалася каля трох месяцаў.

23 сакавіка. Магілёў. МДУ імя. А.А. Куляшова. Алесь Святліцкі. На здымку – Алена Кісель за дзень да адлічэння.


Па словах студэнткі, па фармальных прычынах яе адлічылі за вялікую колькасць пропускаў – больш за 30 дзён у навучальным годзе. Яна не адмаўляе сваёй віны, але сцвярджае, што раней ніхто не звяртаў на пропускі увагі.

– Я думаю, што ад мяне пазбавіліся па палітычных прычынах. Я ўдзельнічала ў акцыі пратэсту 15 сакавіка, за што мяне затрымалі і склалі пратакол за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах. 16 сакавіка мне прысудзілі штраф 15 базавых велічынь. На наступны дзень пасля суду мяне выклікалі ў дэканат. Дэкан і куратар пачалі пытацца ў мяне, для чаго я хадзіла на гэтую акцыю, што я там рабіла. Пасля гэтага сказалі пісаць тлумачальную на імя рэктара, навошта я ўдзельнічала ў ёй. Я адмовілася, сказаўшы, што ў мяне ёсць права на выказванне свайго меркавання і я ім скарысталася. Пасля гэтага яны пачалі казаць мне пра мае пропускі і сказалі, каб я пісала тлумачальную па іх. Я гэта зрабіла.

Дзяўчына кажа, што прапускала вучобу таму, што дапамагала свайму сябру, яшчэ аднаму ўдзельніку акцыі Канстанціну Чарнову. У хлопца зламаныя абедзве рукі, таму яму цяжка нават апрануцца. Адміністрацыя ўніверсітэта не прызнала гэтую прычыну вартай.

-22 сакавіка мяне выклікалі на Савет прафілактыкі ўніверсітэта. Акрамя мяне раптам зацікавіліся яшчэ дзьвума дзяўчынамі з маёй групы. Адной аб’явілі вымову. А мяне і яшчэ адну студэнтку аднагалосна вырашылі адлічыць.

Кісель не выключае, што такім чынам кіраўніцтва універсітэта спрабуе замаскіраваць палітычную падаплёку свайго рашэння.

– На факультэце заўсёды былі праблемы з наведвальнасцю, прычым не толькі на апошнім курсе. Аднак ніколі не было такога, каб чалавека за гэта адлічылі, тым больш калі да канца вучобы застаецца так мала часу. Тым больш, што раней мне не выносілі папярэджанні, не рабілі вымовы, – распавяла Алена Кісель. – Аднак на пасяджэнні ўсе аднагалосна прагаласавалі за тое, каб мяне выключылі з ВНУ.

На наступны дзень, 23 сакавіка, Алена Кісель сустрэлася з рэктарам, які прымаў канчатковае рашэнне. Яна спадзявалася, што здолее пераканаць яго ў тым, што яе не варта адлічаць. Аднак Канстанцін Бандарэнка вырашыў іначай.

– Сустрэчу прызначылі на 12 гадзін. Калі я ўвайшла, там быў рэктар, дэкан майго факультэта і два прарэктары, па выхаваўчай і вучэбна-метадычнай частцы. Рэктар сказаў, што з такімі пропускамі мяне даўно трэба было адлічыць. Калі я запытала, чаго ж мяне вырашылі адлічыць пасля ўдзелу ў акцыі, усе зрабілі здзіўлены выгляд і пачалі запытваць, што за акцыя і прычым тут яна, – сказала Кісель.

Дзяўчына навучалася на апошнім курсе на факультэце педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. Яна паспела нават атрымаць папярэдняе размеркаванне – прама перад пасяджэннем Савета прафілактыкі ёй прапанавалі па заканчэнні вучобы адправіцца ў Гомель. Да атрымання дыплома ёй заставалася менш за 4 месяца.

На дадзены момант Алена Кісель займаецца бытавымі пытаннямі, звязанымі з адлічэннем з ВНУ. Па яе словах, у яе ёсць некалькі варыянтаў, як яна будзе дзейнічаць далей, але пакуль яна пра іх казаць не хоча. Пра ўдзел у наступных акцыях яна таксама не думае:

– Зараз я пакуль занятая бягучымі праблемамі. Што далей – будзе бачна.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў