Лябедзька, Рымашэўскі і Губарэвіч распавялі ў Магілёве пра кааліцыю правацэнтрыстаў

Лідэры Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і руху «За Свабоду» расклалі магілёўцам, як яны будуць рыхтавацца да парламенцкіх выбараў.

17 красавіка. Магілёў. Грамадскі цэнтр “Кола”. Ігар Лазоўскі.


 

Сустрэча працягвалася паўтары гадзіны. Увесь гэты час лідэры спрабавалі пераканаць магілёўцаў у неабходнасці далучэння да правацэнтрысцкай кааліцыі, перыядычна выпускаючы стрэлы па ініцыятыве Мікалая Статкевіча. Мерапрыемства праходзіла праз два тыдні пасля прэзентацыі кангрэса дэмакратычных сіл, таму міжволі напрошваліся параўнаннi.
У правацэнтрыстаў, напрыклад, было менш слухачоў – калі на Статкевіча прыйшло каля паўсотні чалавек, то Лябедзька, Рымашэўскі і Губарэвіч выступілі перад двума дзесяткамі. Магчыма, за кошт гэтага стварылася ўражанне, што аўдыторыя паводзіла сябе больш пасіўна, чым два тыдні таму. Але ж палітыкаў, відаць, гэта не надта хвалявала.

liabbiedzka

– Мы можам зноў сабраць дэмакратычных актывістаў, якія ўжо даўно ў апазіцыі, і дзейнічаць разам з імі. А можам пайсці да простых людзей, на прахадную трактарнага завода, на Віленскі рынак і сказаць: мы гатовыя дапамагаць вам, дайце нам праблему і будзьце з намі. Я за гэты варыянт. Пара прыцягваць новых людзей у апазіцыю, – заявіў напачатку Анатоль Лябедзька.

Паводле яго слоў, кааліцыя дазволіць аб’яднаць сілы для вырашэння «пасільных праблем»:

– Будзем казаць адкрыта: пакуль мы не можам прэтэндаваць на ўладу. Без сумленных адкрытых выбараў гэта немагчыма. Але мы можам дапамагчы людзям з іх праблемамі. Мы можам прапанаваць пляцоўку, якая дасць магчымасць дзейнічаць сумесна. Калі ў вас ёсць у Магілёве нейкія праблемы – вы можаце сказаць пра гэта нам, і мы зробім усё, каб дапамагчы вам, няхай гэта будзе барацьба за ачыстку Святога возера ці адмена нейкага ўказу.

rymasheuski

Здзіўленне аўдыторыі выклікаў падзел правацэнтрысцкай кааліцыі і кангрэса Статкевіча.

– Прыязджаў Статкевіч і заклікаў усіх аб’яднацца, цяпер прыехалі вы і таксама заклікаеце дзейнічаць усім разам. Чаму вы самі не аб’яднаецеся? Дзе астатнія партыі і рухі? – прагучала пытанне з залы.

– Зразумейце, мы не супраць «кангрэса». Калі хто-небудзь хоча яго праводзіць – калі ласка. У нас сёння няма, на жаль, такіх рэсурсаў. Мы сказалі Статкевічу, што згодны правесці кангрэс па выніках парламенцкіх выбараў, увосень. На жаль, тут нашы погляды разышліся. Але мы не забараняем удзельнікам нашай кааліцыі, напрыклад, прыехаць на кангрэс – калі ласка, хай будзе дзве такія ініцыятывы, – адказаў Рымашэўскі.

– Тут трэба разумець яшчэ адну рэч. У нас былі і ўдалыя прыклады кангрэсаў і няўдалыя. У выніку ўдалага мы выбралі адзінага кандыдата перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года. Вы памятаеце, чым усё скончылася. Немагчыма перамагчы на ​​выбарах, на якіх галоўная роля не ў кандыдатаў, а ў выбарчых участкаў, – дадаў Анатоль Лябедзька.

На яго думку, перш чым прэтэндаваць на «адзінага кандыдата» і сур’ёзную палітычную барацьбу, трэба паступова вырашыць надзённыя праблемы, якія хвалююць людзей. Менавіта гэта станецца асноўным пунктам праграмы ўдзельнікаў правацэнтрысцкай кааліцыі ў дачыненні да парламенцкай кампаніі.

hubarevich

Юрась Губарэвіч, намеснік кіраўніка руху «За Свабоду», бачыць найважнейшай задачай сёння схіліць на свой бок як мага больш беларусаў.

– Вы ж разумееце, што не асабіста Лукашэнка лічыць галасы на выбарах. І не Ярмошына. У нас 60 тысяч чалавек маюць дачыненне да гэтага працэсу. Хоць ніхто не пагражае ім, маўляў, калі вы не пойдзеце на выбары ў якасці ўдзельніка камісіі – у вас будуць праблемы. Нам трэба зрабіць так, каб як мага больш і гэтых людзей усвядоміла, што можна і трэба жыць сумленна, што ўлада рана ці позна зменіцца. Калі мы зможам уздзейнічаць на такім узроўні, тады можна казаць пра тое, што наша праца прыносіць вынік, – лічыць палітык.

liabiedzkarymasheuskihubarevich

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў