Разабраліся, якія праблемы ёсць у холдынгу «Омсктэхвуглярод».

1 кастрычніка. Магілёў-Омск. Саша Мінько

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


За апошні год кіраўніцтва заводу «Омск Карбон Магілёў», здаецца, больш займалася інфармацыйнай вайной супраць эка-актывістаў, чым сваімі абавязкамі.

Пачынаючы з верасня 2018-га, адміністрацыя прадпрыемства паспела паскардзіцца на сайт MSPRING.ONLINE, тройчы патрабавала ад міліцыі пачаць крымінальную або адміністрацыйную справу ў дачыненні да каардынатара ініцыятывы «За здаровы Магілёў» Андрэя Бодзілева і замовіла некалькі чарнушных відэаролікаў і артыкулаў.

Інфармацыйнае поле стала галоўнай арэнай бітвы тэхвугляроднага бізнесу, што наўрад ці нармальна (інакш бы завод называўся «Раша Тудэй»).

Менавіта таму пытанняў да прадпрыемства ўсё больш – актыўны ўдзел у медыйнай заварушцы пакідае выразнае адчуванне таго, што ў завода ёсць хворыя месцы.

Милиция вновь проводит проверку в отношении эко-активиста Андрея Бодилева по заявлению руководства «Омск Карбон»

Дык як жа ідуць справы ў асноўнага прадпрыемства «Омск Карбон Груп» – «Омсктэхвуглярод»? Пачатак года выдаўся для гэтага хімічнага гіганта няўдалым. Асабліва дрэнныя навіны сталі прыходзіць у сакавіку.

КІТАЙЦЫ МОГУЦЬ ПАЦЯСНІЦЬ АМІЧОЎ ПРАЗ ВІЦЕБСК

Пра гэта амаль не гавораць, але галоўным канкурэнтам «Омск Карбон Груп» на сусветным рынку з’яўляецца кітайская кампанія Black Cat.

У лютым генеральны консул Беларусі ў Шанхаі сустрэўся з генеральным мэнэджарам кітайскай карпарацыі Jiangxi Blackcat Carbon Black Inc. Гаворка ішла аб запуску інвестыцыйнага праекта па вытворчасці тэхнічнага вугляроду. Ужо ў сакавіку кітайская дэлегацыя наведала ў Віцебску мясцовую Свабодную эканамічную зону.

Гэтыя перамовы вядуцца ўжо больш за год. Упершыню беларускія дыпламаты сустрэліся з кітайскімі бізнесменамі ў красавіку 2018-га, і ўжо тады кіраўніцтва Blackcat Carbon заявіла пра зацікаўленасць у стварэнні экспартна-арыентаванай вытворчасці на тэрыторыі ЕАЭС.

На дадзены момант кітайцы па асноўных паказчыках прыкметна апярэджваюць Omsk Carbon Group. Больш за тое, яны могуць пацясніць амічоў ў Беларусі.

У цяперашнім сакавіку адбыліся перамовы з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама, дзе прадстаўнікі кітайскай кампаніі выказалі намеры аб далейшым двухбаковым узаемавыгадным супрацоўніцтве з Віцебскай вобласцю. Адбылося дэталёвае абмеркаванне ўмоў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па вытворчасці тэхнічнага вугляроду на тэрыторыі СЭЗ “Віцебск”.

Усё тое самае, што адбывалася з меркаваным уладальнікам «Омск Карбон Груп» Валерыем Каплунатам ў далёкім 2013 годзе ў Магілёве. Ёсць з-за чаго ашалець. Але пры чым жа тут Андрэй Бодзілеў?

ФАКТАР ПУЦІНА

Чарговая непрыемная навіна для «Омсктэхвуглярода» – гэта трапленне прадпрыемства ў так званы «травеньскі ўказ» Уладзіміра Пуціна (падпісаны ў траўні 2018 года).

Завод абавязаны да 2024 года знізіць шкодныя выкіды на 20%. Пра гэта ў цяперашнім сакавіку нагадала інфармацыйнае агенцтва ТАСС. Як вынік, Омскі завод тэхнічнага вугляроду падпісаў з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і экалогіі Омскай вобласці пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы экалогіі. Прадпрыемства ўзяло на сябе не толькі павышаныя абавязацельствы па абнаўленні тэхналагічнага працэсу, але і па азеляненні тэрыторыі.

На самой справе гэта вынік візіту ў жніўні мінулага года ў Омск прэзідэнта Расіі. Мясцовым жыхарам прамысловыя алігархі (а верагоднага ўладальніка «Омск Карбон Груп» Валерыя Каплуната расейскія СМІ называюць не інакш як «сажавым» алігархам) распавядаюць аб поўнай экалагічнай бяспекі завода. Але Уладзімір Пуцін, пры ўсёй яго неадназначнасці, з ўзросту даверу казкам даўно вырас.

Цяпер прадпрыемства абавязваецца правесці рэканструкцыю рэактараў вытворчасці тэхнічнага вугляроду. А на гэта спатрэбяцца немалыя грошы. Ці не ў гэтым прычына затрымкі пуску магілёўскага заводу?

Галоўнае – па сведчанні мясцовых журналістаў, крыху раней Каплунат абвінавачваў Омскую рэгіянальную ўладу на чале з цяперашнім губернатарам Аляксандрам Бурковым у экалагічным шантажы і вымагальніцтве. Любую крытыку ў адрас завода называлі ледзь ці не антыдзяржаўным злачынствам. Але пасля візіту Пуціна ў Омск тамтэйшыя мясцовыя ўлады сталі для завода ўжо «эфектыўным кантралёрам».

Прыраўноўванне крытыкі да антыдзяржаўныя злачынства – здаецца, менавіта праз гэта праходзіў і Андрэй Бодзілеў, і сайт MSPRING.ONLINE. Мабыць, гэта рабочы почырк адміністрацыі омскага алігарха.

Руководство «Омск Карбона» занервничало из-за mspring.online и других белорусских СМИ?

Больш за тое, ТАСС перадае словы Валерыя Каплуната пра тое, што прадпрыемства нават абавязваецца «пры пэўных абставінах» дапускаць спецыялістаў Мінпрыроды ў любы час сутак.

БІЗНЭС ПА-ОМСКІ

Апошняя прапанова патрабуе тлумачэнняў, і мы пераходзім да галоўнай навіны, якая абмяркоўваецца амічамі ўвесь верасень. Гэта экалагічны мітынг, праведзены 21 жніўня ў Омску. Жыць там даўно ўжо небяспечна, а выйсця няма, бо прыродаахоўныя ведамствы альбо бяздзейнічаюць, альбо не маюць ніякіх паўнамоцтваў. Нават пасля візіту Пуціна.

Рэаліі бізнесу па-омскі такія, што шэраг прадпрыемстваў падпісалі Экалагічную дамову з урадам Омскай вобласці і гатовыя дапускаць правяраючых на сваю тэрыторыю (у тым ліку з Міністэрства прыродных рэсурсаў вобласці), але толькі на аснове добрай волі. Інструмента, які б іх да нечага мог прымусіць, няма. І ёсць цэлы шэраг прадпрыемстваў, якія адмовіліся заключаць гэтую дамову і маюць права цалкам ігнараваць рэгіянальныя ўлады. Вось такія парадкі.

Дарэчы, Валерый Каплунат не здаецца нават пасля падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы экалогіі. Ужо праз два месяцы, 22 траўня 2019 года каля прахадной «Омсктэхвуглярода» прайшоў мітынг супрацоўнікаў прадпрыемства. Было заяўлена, што завадчане пратэстуюць супраць прадажных СМІ, якія пішуць пра «міфічныя» выхлапы завода, якія перавышаюць дапушчальныя нормы і наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю.

Омскія журналісты пішуць, што гэта быў бенефіс Валерыя Каплуната. Ён прымудрыўся разнесці ў пух і прах ворагаў, праўда, ні разу не заявіўшы, супраць каго выступае. Тым не менш гаворка ішла пра тое, што яго паспяховае і ў вышэйшай ступені экалагічнае прадпрыемства нейкія залежныя СМІ пад кіраўніцтвам «лялькаводаў» прымушаюць да «выплаты крымінальнай рэнты».

Мяркуючы па апошніх зводках з Омска, магілёвец Андрэй Бодзілеў цалкам можа быць абвешчаны «злосным» чалавекам пад кіраўніцтвам «лялькаводаў».

Лепшая абарона – гэта напад. Пошук знешніх ворагаў – выдатная стратэгія для прапаганды, як на ўзроўні дзяржаў, так і на ўзроўні бізнэсу.

А тым часам, па свежых дадзеных міністэрства экалогіі Омскай вобласці, ужо у 2019 годзе найбольшыя валавыя выкіды ў раёне п. Кордны, Старая Маскоўка нароўні з «Цеплавой кампаніяй» робіць як раз ТАА «Омсктэхвуглярод».