У Магілёве міліцыя зладзіла ператрус у актывістаў. Шукаюць тых, хто абліў помнік Леніну


ПРАВААБАРОНА / Friday, February 9th, 2018

Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю заявіліся да удзельніцы анархісцкага руху і яшчэ аднаго чалавека.

9 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Сілавікі наляцелі з ператрусам 8 лютага па двух адрасах. Па адным з іх жывуць бацькі дзяўчыны Юліі, якая вызначае сябе як актывістку руху анархістаў. Па яе словах, падставай стала пастанова пракурора, згодна з якой Юлія можа быць датычная да псавання помніка Леніну. Нагадаем, 22 красавіка 2017 году невядомыя аблілі чырвонай фарбай манумент у раёне завода Кірава.

Юлія паскардзілася на тое, што сілавікоў падчас гутаркі з бацькамі вельмі цікавіў анархісцкі рух. У прыватнасці, яны хацелі даведацца, чым канкрэтна займаецца дзяўчына. Пры гэтым яны пагражалі бацькам верагоднымі праблемамі.

Сама Юлія падчас ператрусу не прысутнічала, паколькі сама вучыцца ў Мінску. Па яе словах, ёй ужо патэлефанавалі са Следчага камітэта і запрасілі на гутарку.

Другая кватэра, у якой ГУБАЗ зладзіў ператрус, належыць маці Цімафея Лускіна. У першую чаргу, міліцыю цікавілі кнігі. Падставай для агляду жылля таксама стала падазрэнне ў датычнасці Лускіна да псавання помніка Леніну. Прычынай так меркаваць, па некаторых дадзеных, стаў здымак Цімафея на фоне манумента ў Інстаграм. Маладога чалавека выклікалі на панядзелак у Следчы камітэт.

Праваабаронцы сочаць за сітуацыяй, бо мяркуюць, што з актывістаў проста імкнуцца зрабіць крайніх, паколькі амаль за год ніякага прагрэсу ў расследаванні інцыдэнту ў следчых не было.

Нагадаем, у ноч з 21 на 22 траўня 2017 году невядомыя аблілі чырвонай фарбай помнік Уладзіміру Леніну ў раёне Дома культуры завода імя Кірава. Манумент закідалі шклянымі банкамі, у якіх знаходзілася фарба. Таксама на помніку пакінулі надпіс «Забойца мільёнаў людзей».

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *