Экс-алімпійская чэмпіёнка Мянькова адмаўляе парушэнне Выбарчага кодэксу


ВЫБАРЫ-2018 / Tuesday, February 20th, 2018

Магілёўская выбарчая камісія не ўбачыла незаконнай агітацыі з боку кандыдаткі ў дэпутаты.

20 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі


Раней праваабаронцы выявілі, што па кватэрах Завадской акругі №2 актыўна распаўсюджваюцца агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку Аксаны Мяньковай, якія не адпавядаюць заканадаўству.

У прыватнасці, былі зафіксаваныя тры віды ўлётак, з якіх толькі адна адпавядала патрабаванням – мела пазначаныя выходныя зьвесткі, а таксама інфармацыю пра заказчыка і выканаўца.

Да яе пры дапамозе стэплера прымацавалі яшчэ адзін ліст паперы з загалоўкам «Біяграфічныя дадзеныя». Гэта звычайная палова ад фармату А4, прычым неакуратна абрэзаная і аддрукаваная. Ніякіх выходных дадзеных там не было, як і на трэцім лісце – звычайным А4 з дрэннай якасцю друку.

Праваабаронца Аляксей Колчын папрасіў Магілёўскую выбарчую камісію разабрацца ў праблеме. Выбаркам прызнаў, што названыя матэрыялы не адпавядаюць заканадаўству. Аднак Мянькова адмовілася прызнаваць сваю віну:

«Кандыдатка ў дэпутаты па Завадской выбарчай акрузе №2 Мянькова А.У. прадставіла ў камісію асобнік агітацыйных друкаваных матэрыялаў, якія ўтрымліваюць неабходныя выпускныя дадзеныя і выраблены за кошт грашовых сродкаў выбарчага фонду кандыдаткі. Мянькова А.У. сцвярджае, што ніякіх іншых агітацыйных матэрыялаў не вырабляла і ня распаўсюджвала», – пазначыла камісія.

Магвыбаркам праінфармаваў аб парушэннях агітацыйнай кампаніі абласную выбарчую камісію і пракуратуру.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Мянькова не змагла стаць дэпутатам гарсавета. Мандат аддалі дырэктару Магілёўскага гарадскога камунальнага ўнітарнага прадпрыемства цеплаэнергетыкі Андрэю Коневу.

У 2008 годзе спартсменка заваявала залаты медаль у кіданні молата на Алімпійскіх гульнях-2008 у Пекіне. Адначасова Мянькова ўстанавіла рэкорд спаборніцтваў, кінуўшы снарад на 76 м 34 см.

У лістападзе 2016 года Міжнародны Алімпійскі камітэт прызнаў, што Аксана Мянькова парушыла антыдопінгавыя правілы і пазбавіў яе алімпійскага медаля. Па дадзеных МАК, у спробе дзяўчыны знайшлі турынабол і аксандралон – анабалічныя стэроіды, якія павышаюць моц і трываласць чалавека. Спартсменка не падавала апеляцыю і ня спрабавала аспрэчыць рашэнне МАК.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *