Магілёўская гасцініца адмовілася даць памяшканне дэпутату беларускага парламента


СОЦЫУМ / Thursday, November 8th, 2018

Палітыка Ганну Канопацкую папярэдзілі за два дні да выступу.

8 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – booking.com


Раніцай 8 лістапада су-старшыні аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталю Рымашэўскаму і дэпутату Палаты прадстаўнікоў Ганне Канапацкай адмовілі ў арэндзе памяшкання ў гасцініцы «Магілёў».

Як адзначае на сваёй старонцы ў Facebook Рымашэўскі, аўдыторыя для выступу была зарэзерваваная яшчэ два тыдні таму. Аднак за два дні да мерапрыемства супрацоўнікі гасцініцы паведамілі прадстаўніку БХД у Магілёве Алегу Аксёнаву пра тое, што «ў прадастаўленні памяшкання катэгарычна адмоўлена».

10 лістапада Рымашэўскі і Канапацкая павінны былі сустрэцца з магілёўцамі. Дэпутат планавала даць справаздачу перад імі за сваю парламенцкую дзейнасць. Нягледзячы на адмову, палітыкі ўсё роўна збіраюцца прыехаць у Магілёў на сустрэчу з грамадзянамі.

Рымашэўскі расцэньвае адмову з боку гасцініцы як інструмент палітычнага ўздзеяння з боку ўладаў:

«Беларускія ўлады паступаюць проста ганебна, адмаўляючы ў памяшканні нават прызначанаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў. Гэта проста баязлівасць», – заявіў лідэр БХД.

Ён звязвае ціск з рэзалюцыяй БХД, якая была прынята на з’ездзе Еўрапейскай народнай партыі. У рэзалюцыі, у прыватнасці, гаварылася аб «крытычным ўзмацненні ціску на дэмакратыю ў Беларусі, працягваючыхся парушэннях правоў чалавека і складанай сітуацыі для палітычнай апазіцыі, незалежных прафсаюзаў, грамадзянскай супольнасці, журналістаў і іншых абаронцаў свабоды».

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *