Назіральнай камісіі Магілёўскай вобласці перакрылі доступ да палітвязняў


ПРАВААБАРОНА / Tuesday, March 13th, 2018

У горацкай папраўчай калоніі №9 усё добра.

13 сакавіка. Горкі. Алесь Святліцкі


Адміністрацыя ВК №9 не дала грамадскай назіральнай камісіі пры галоўным упраўленні юстыцыі Магаблвыканкама сустрэцца з палітвязнем Міхаілам Жамчужным.

Раней дырэктар беларускага Дома правоў чалавека Таццяна Равяка звярнулася ў рэгіянальную і рэспубліканскую ГНК з просьбай праверыць Горацкую ПК №9, дзе ўтрымліваецца Жамчужны, паколькі ўбачыла пагрозу яго жыццю і здароўю. Па яе інфармацыі, 24 студзеня мужчыну жорстка збіў іншы асуджаны.

13 сакавіка Магілёўская абласная камісія сумесна з рэспубліканскай пры Міністэрстве юстыцыі праверыла, у якіх умовах утрымліваюцца зняволеныя ПК №9. Зрэшты, падыходы ў дзвюх ГНК былі розныя, распавёў прадстаўнік рэгіянальнай камісіі, праваабаронца Барыс Бухель:

– Рэспубліканская камісія ставілася да нас некалькі напружана. Калі мы з маёй калегай Таццянай Казлоўскай адзначалі ў нататніках ўсе моманты, то яны, склалася адчуванне, проста хадзілі і глядзелі. У моманты, калі я прасіў адміністрацыю калоніі дазволіць сустрэчу з Жамчужным, рэспубліканская ГНК заўжды ўставала на яе бок. Ўзначальвала яе член Савета Рэспублікі Таццяна Краўчанка, – распавёў Бухель.

Яму і старшыні абласной камісіі Таццяне Казлоўскай не выдзелілі нават транспарт, каб дабрацца да Горак. Каб адрэагаваць на скаргу пра пагрозу жыцця зняволенага, праблемы давялося вырашаць прыватным спосабам.

– Нам былі не радыя. Галоўнай нашай мэтай было сустрэцца з палітвязнем Міхаілам Жамчужным, аднак у калоніі зрабілі ўсё, каб гэтага не адбылося. Ён у дадзены момант знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Нам адмовіліся паказваць камеры ШІЗА, паказалі толькі адно памяшканне камернага тыпу. Там рэжым крыху мякчэй, чым у ШІЗА. Калі я паўторна спытаў пра Жамчужнага, рэакцыя адміністрацыі была жорсткай: не і ўсё, – паведаміў праваабаронца.

Адміністрацыя калоніі заявіла, што паўнамоцтваў у назіральнай камісіі пры Магілёўскім аблвыканкаме на асабістую сустрэчу са зняволеным няма.

Рэспубліканскай ГНК планавалася таксама анкетаванне іншых зняволеных, аднак прайшло яно непразрыста:

Рэспубликанская камісія напачатку візіту аддала анкеты адміністрацыі калоніі, а ў канцы візіту ў яе ж і сабрала. Наколькі можна верыць дадзеным з анкет – вялікае пытанне, – збянтэжаны Бухель.

Зрэшты, адну скаргу ад зняволенага члены камісіі пачулі:

– У памяшканні камернага тыпу, куды нас дапусцілі, знаходзіліся тры чалавекі. Двое з іх казалі, што ўсё адпавядае нарматывам, а трэці паскардзіўся на ўчарашнюю адсутнасць гарачай вады ў лазні, холад у камеры – дзьме са шчыліны закрытага вакна і ўчора была недастаткова цёплая батарэя, а сёння яна гарачэй і таму ў камеры прыкметна цяплей, фортку адчынілі. Прадстаўнікі адміністрацыі гэта ўсё адмаўлялі, спаслаўшыся на тое, што зняволены проста пакрыўджаны і спрабуе адыграцца, – распавёў Бухель.

Са станоўчых момантаў праваабаронца адзначыў якасць ежы, а таксама адсутнасць пераліміта зняволеных у калоніі.

Недопуск да Міхаіла Жамчужнага – гэта ўжо другі выпадак, калі грамадскай назіральнай камісіі не даюць сустрэцца з палітвязнем. Раней ГНК не далі наведаць Дзмітрыя Паліенку ў бабруйскай ПК №2.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *