У магілёўскай спецвучыэльні на працягу некалькіх гадоў здзекаваліся над падлеткамі


ПРАВААБАРОНА / Wednesday, June 13th, 2018

Следчы камітэт накіраваў крымінальную справу па факту збіцця навучэнцаў МДСПТВ №2 у суд.

13 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На здымку – адзін з пацярпелых


У лістападзе мінулага года з магілёўскага спецПТВ №2 збегла шасцёра дзяцей. Калі уцекачоў вярнулі ў вучылішча, іх адвялі ў памяшканне для сустрэч з бацькамі. Там некалькі супрацоўнікаў СПТВ №2 збілі кожнага хлопца па адным. Пасля гэтага адзін з навучэнцаў – Андрэй Шчаўлік – з пераломам пазваночніка трапіў у Магілёўскую абласную бальніцу. Астатнія таксама атрымалі моцныя пабоі.

У магілёўскім спецвучылішчы збілі дзяцей. Галоўнае

Следчы камітэт распачаў у дачыненні да дырэктара вучылішча і двух яго намеснікаў крымінальную справу па факце злоўжывання паўнамоцтвамі. Падчас расследавання высветлілася, што ў СПТВ №2 над дзецьмі здзекаваліся пастаянна.

– Устаноўлена, што адзін з выхаванцаў 2001 года нараджэння за парушэнне правілаў унутранага распарадку сыстэматычна збіваўся,распавяла афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Саленюк.

Акрамя таго, у верасні 2016 года дырэктар вучэльні на службовым аўто СПТВ №2 збіў сямігадовую дзяўчынку, прычыніўшы ёй няцяжкія цялесныя пашкоджанні.

А з верасня 2016 па сакавік 2017 года абвінавачваны прымушаў супрацоўнікаў і выхаванцаў вучылішча выконваць розную працу ў яго асабістых мэтах.

Дырэктару магілёўскага СПТВ №2 і яго намеснікам у залежнасці ад іх віны прад’яўленыя абвінавачванні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: за парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, а таксама перавышэнне службовых паўнамоцтваў, учыненае з іншай асабістай зацікаўленасці, спалучанае з гвалтам і абразай пацярпелага. Справа перададзена ў суд.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *