Магілёўцам распавялі, як зарэгістраваць некамерцыйныя арганізацыі

Лектары Юрый Чавусаў і Вольга Смалянка патлумачылі прынцыпы, па якіх рэгіструюць і існуюць НКА ў Беларусі.

Семінар “Рэгістрацыя і фінансаванне некамерцыйных арганізацый: прававое рэгуляванне” праводзіўся 5 лістапада у грамадскім цэнтры “Кола” пад эгідай Цэнтра прававой трансфармацыі і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый. Лектарамі выступілі вядомы беларускі юрыст Юрый Чавусаў, а таксама дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка. Паслухаць іх прыйшло больш за дзесятак прадстаўнікоў мясцовых ініцыятыў.

Семінар складаўся з двух блокаў. Як адзначаюць арганізатары, першы блок яны прысвяцілі тым, каму была б карысна даведацца пра спосабы афіцыйнай рэгістрацыі сваёй арганізацыі. У другім блоке, які закранаў пытанні фінансавання НКА, удзельнічалі ўсе жадаючыя.

Чавусаў і Смалянка распавялі пра асноўныя формы рэгістрацыі некамерцыйных арганізацый, адзначыўшы, што найбольш простай і папулярнай з’яўляецца форма грамадскага аб’яднання. Ёй лектары надалі асаблівую ўвагу, распісаўшы этапы і магчымыя праблемы, якія чакаюць актывістаў, якія жадаюць атрымаць афіцыйную рэгістрацыю.

Акрамя гэтага, лектары падрабязна распавялі пра юрыдычныя аспекты фінансавання некамерцыйных арганізацый, у тым ліку пра правільнае афармленне ахвяраванняў ад грамадзян, бязвыплатную дапамогу ад юрыдычных асоб і атрыманне замежнага фінансавання.

У канцы Юрый Чавусаў і Вольга Смалянка запэўнілі аўдыторыю, што ў выпадку ўзнікнення пытанняў па тэме рэгістрацыі НКА, прадстаўнікі магілёўскіх ініцыятыў заўсёды могуць звярнуцца па кансультацыю ў Цэнтр прававой інфармацыі альбо ў Асамблею няўрадавых дэмакратычных арганізацый.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў