“Не Бурдэнкі, а Бурдэнка”. Чыноўнік у судзе патлумачыла, чаму адмовілі ў рэгістрацыі гендэрнай арганізацыі

У абласным судзе Магілёва адбылося папярэдняе судовае паседжанне, на якім заснавальнікі гендэрнага цэнтра «Ружа» і прадстаўнік упраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама не змаглі прыйсці да разумення.

9 жніўня. Магілёў. Абласны суд. Алесь Святліцкі


Дакументы на рэгістрацыю былі пададзеныя ў траўні 2016 года. 16 чэрвеня калегія ўпраўлення юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі, матываваўшы сваё рашэнне тым, што арганізацыя збіралася змагацца з дыскрымінацыяй па палавой прыкмеце, а Канстытуцыя запэўнівае, што ў Рэспубліцы Беларусь ніякай дыскрымінацыі не можа быць.

“Прызнанне ў Рэспубліцы Беларусь дыскрымінацыі па прыкмеце полу не адпавядае нормам аб праве аб роўнасці жанчын і мужчын, якія замацаваны на заканадаўчым узроўні”, – пазначыў у сваім адказе начальнік упраўлення Аляксандр Маймусаў.
Акрамя гэтага, чыноўнікі палічылі, што дзейнасць «Ружы» будзе замінаць працы дзяржаўных органаў, якія адказваюць за тыя ж самыя пытанні:

“Рэалізацыю пытанняў гендэрнай палітыкі ажыццяўляюць адпаведныя упаўнаважаныя дзяржаўныя органы”, – адзначана ў адказе з адмовай у рэгістрацыі.

Актывісты ініцыятывы вырашылі аспрэчыць рашэнне чыноўнікаў і звярнуліся ў абласны суд. 9 жніўня прайшло папярэдняе пасяджэнне, на якім суддзя Домніч заслухала кожны  бок. Інтарэсы «Ружы» прадстаўлялі актывісты Наталля Шкадун і Дзмітрый Люнтаў, ад аблвыканкама была галоўны спецыяліст па рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў Аліна Хмяльніцкая.

Яна хадайнічала аб далучэнні да матэрыялаў справы дакумента з новай інфармацыяй. У прыватнасці, чыноўнік заявіла, што ў дадзеных, прадстаўленых удзельнікамі ініцыятывы першапачаткова былі пазначаны неправільныя дадзеныя:

– Напрыклад, замест «вуліцы Бурдэнка» у статутных дакументах напісана «вуліца Бурдэнкі».

– Хіба гэта сур’ёзнае парушэнне? – Спытала ў Хмяльніцкай суддзя.

Мы рэгіструем грамадскую арганізацыю і звяртаем увагу на ўсе, – адказала спецыяліст упраўлення. У паперах таксама ўтрымлівалася ўказанне на іншыя недакладнасці, якія, на думку Аліны Хмяльніцкай, служылі дастатковай падставай для адмовы ў рэгістрацыі “Ружы”.

У адказ удзельніца ініцыятывы Наталля Шкадун заявіла, што ўсё, пра што сказала чыноўнік – апіскі:

Я па-ранейшаму падтрымліваю патрабаванні па скарзе. Тыя памылкі, на якія спасылаецца ўпраўленне юстыцыі – апіскі. Нам цалкам маглі даць час на выпраўленне. Шмат у чым надуманыя абставіны прывялі да незаконнай адмовы ў рэгістрацыі.

Пасля гэтага суддзя спытала, ці магла калегія ўпраўлення юстыцыі даць час на тое, каб актывісты падправілі недакладнасці.

– Гэта наша права, але не абавязак. Мы выносім, па заканадаўстве, рашэнне альбо аб рэгістрацыі, або аб адмове. Па тых недакладнасцяў, што мы знайшлі ў дакументах, мы вырашылі адмовіць, – адказала Хмяльніцкая.

Папярэдняе паседжанне доўжылася крыху больш за гадзіну. Пераканаўшыся, што бакі не могуць вырашыць пытанне мірна, суддзя Домніч прызначыла дату асноўнага працэсу – 16 жніўня.

1 КАМЕНТ

  • Анастасія

    “Пераканаўшыся, што бакі не могуць вырашыць пытанне мірна, суддзя Домніч прызначыла дату асноўнага працэсу – 16 чэрвеня” – можа 16 жніўня?

    Рэд: Дзякуй, выправілі!

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў