Палітвязня Міхаіла Жамчужнага перавялі з Горацкай калоніі ў Магілёўскую турму, а затым адправілі ў Віцебскі следчы ізалятар, дзе ён на дадзены момант і знаходзіцца. Пра гэта паведаміў сайт palitviazni.info

З 23 снежня Міхаіл Жамчужны знаходзіўся ў штрафным ізалятары Горацкай калоніі №9, але апошнія лісты палітвязень напісаў віцебскаму праваабаронцы Леаніду Свеціку ўжо з Магілёва і Віцебска:

“Мяне выклікаў следчы на допыт, размова, магчыма, ідзе пра маё поўнае апраўданне па ўсіх трох прысудах. І я гэтую сітуацыю паспрабую выкарыстаць па максімуму, хаця, відаць, не паспею ўсё зрабіць за той тэрмін, што мне застаўся адсядзець. А гэта – каля года”.

Са слоў Леаніда Свеціка, займацца папярэднім раследваннем будзе упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. Відаць, Жамчужны даказаў, што ранейшае следства вялося з парушэннем працэсульных законаў,

“Другі ліст Жамчужны даслаў ужо з Віцебска, – адзначае праваабаронца. – Піша, што ў параўнанні з Горацкай калоніяй і ў Магілёўскай турме, і ў Віцебскім СІЗА умовы ўтрымання значна лепшыя. У камеры па яго просьбе знаходзіцца адзін.

Міхаіл не паведамляе, колькі будзе ў СІЗА, але сітуацыя змянілася, і гэта яго крыху ўзбадзёрыла. У Горацкай калоніі ён нават людзей не бачыў, бо пастаянна знаходзіўся ці ў ПКТ, ці ў ШІЗА. Такая ізаляцыя вельмі складана пераносіцца, калі не можаш ні з кім перакінуцца словам”.

Міхаіл Жамчужны напісаў таксама, што ў апошні час адміністрацыя Горацкай калоніі вынесла яму больш за 70 парушэнняў рэжыма за адмову накіроўвацца ў атрад, дзе адбывалі пакаранне асуджаныя з так званым нізкім статусам.