Міхаіл, які прапрацаваў некалькі гадоў у магілёўскай міліцыі як інспектар па справах непаўнагадовых і ўчастковы, распавёў пра тое, чаму людзі не вытрымліваюць працы ў міліцыі.

Міхаіл, 33 гады, Магілёў. Працаваў інспектарам па справах непаўналетніх і ўчастковым, цяпер – ахоўнік у краме. Вось яго гісторыя, якую запісала «Радыё Свабода»:

ПЕРАКОНВАЛІ, ШТО ПА-ЗА МІЛІЦЫЯЙ ПРАЦЫ НЯМА

Я працаваў на розных пасадах. Калі быў участковым, там быў некамплект. Павінна быць пяць участковых, а працуе рэальна тры. І таму ты ўвесь час моцна перапрацоўваеш. Перагрузка неверагодная.

Праз тое, што няма людзей, пачалі ўзбуйняць раёны для ўчастковых. Мне плацілі капейкі за новую зону. Плюс 30% акладу. А працы пры гэтым — у два разы больш. І многія ўчастковыя не вытрымлівалі гэтага і сыходзілі.

Нагрузка ў асноўным — у папяровай працы. Нас прысьпешваюць, каб мы як мага больш і як мага хутчэй сьпісвалі матэрыялы. Гэта значыць — заканчвалі разбор і закрывалі адміністрацыйныя справы. Чым больш РАУС сьпісвае матэрыялаў, тым большую прэмію атрымлівае начальства.

І ты бясконца працуеш. Нават калі выходны ў цябе, але ў гэты дзень праходзіць нарада, цябе прымушаюць прыходзіць на працу. І ты за выходныя не пасьпяваеш проста выспацца.

Хоць раней было прасьцей. Калі была міліцыя багатая, я атрымліваў годна. За перапрацоўкі, то бок звышурочную працу, плацілі. Калі цябе задзейнічаюць на ахову футбольных матчаў, на хакей, увесь гэты час аплачваўся. Плюс прэміі былі добрыя.

А потым перасталі плаціць перапрацоўку. Толькі 300 гадзін звышурочнай працы аплачвалася. А што вышэй — гэта прымусова-добраахвотна. Як валянтэр працуеш пасьля асноўнай працы задарма. І нікога гэта не хвалюе.

Калі ты пачынаў абурацца, начальнік казаў, што міліцыя — гэта ці не найлепшае месца для кар’еры. Бо ў цывільным жыцьці няма працы. Але людзі сыходзяць. Прычым масава. Асабліва з участковых і даішнікаў. Маіх знаёмых шмат пасыходзіла.

СПАЧАТКУ НАЧАЛЬНІК ЦЯБЕ ЗМУШАЕ ФАЛЬСЫФІКАВАЦЬ, А ПОТЫМ ЦЯБЕ САДЖАЮЦЬ ЗА ФАЛЬСЫФІКАЦЫЮ

Магілёў славіцца фальсыфікацыяй матэрыялаў. Кіраўніцтва цябе змушае рабіць фальсыфікацыю, а потым гэта становіцца падставай для крымінальнай справы. Фальсыфікуюць справы часта. Калі тэрмін выходзіць, калі плян ня можаш выканаць. Ты або фальсыфікуеш, або цябе пазбаўляюць прэміі.

Усё гэта праз нашую «палачную сыстэму». Усё завязана на «палках» — пратаколах. Каб атрымаць прэмію, даішнікам трэба зарабіць за зьмену пяць пратаколаў — пяць палак. Патрульным за зьмену трэба знайсьці 2–3 п’яных. Аднаго мала, тады прэміі ня будзе. Калі за зьмену не зрабіў «палкі», то цябе прымушаюць пісаць рапарт, чым ты займаўся цэлы дзень.

Ва ўчастковых цяпер новая сыстэма аплаты. За квартал ім трэба выканаць розныя паказчыкі: прэвэнтыўныя затрыманьні, ЛТП. Калі не выконваеш, у цябе падае працэнт па прэміях.

І атрымліваецца, што ўсе зацікаўленыя ў правапарушэньнях. Ня ў тым, каб іх было меней, а каб было болей. Бо пляны.

КАЛІ НЯМА МАШЫНЫ, ДАБІРАЕССЯ НА МЕСЦА ДТЗ АЎТАСПЫНАМ

Гэта праўда, што даішнікі могуць дабірацца на месца ДТЗ на папутках. Бо машын на ўсіх не хапае. Я вось езьдзіў на сваёй. Зразумела, салярку табе ніхто ня будзе аплачваць. Але па-іншаму ты ня будзеш пасьпяваць. На аўтобусе хутка не прыедзеш. У мяне сябар раней працаваў у ДАІ, ён дабіраўся да месца здарэньня спынам. Тармазіў машыну і прасіў падвезьці. Бо не было службовага транспарту.

Ды што там машыны. Мы нават паперу куплялі за свой кошт. Жазлы, камізэлькі. Толькі цяпер пачалі выдаваць участковым газавыя балёнчыкі, а раней мы і іх куплялі.

Увогуле зь бясьпекай было ўсё дрэнна. Праз тое, што людзей бракавала, мы часта выяжджалі на выезд у адзіночку. Хоць у любой зьмене павінна быць двое чалавек.

Гэта толькі кажуць, што міліцыі шмат. Вядома, калі палічыць унутраныя войскі, асабістую бясьпеку, РАУСы, можа атрымацца шмат. Але тыя ж войскі нічым не займаюцца, калі няма масавых мерапрыемстваў і аховы Александрыі, калі прыяжджае прэзыдэнт. Максымум іх пасылаюць, каб пʼянтосаў палавіць у горадзе і з участковым хадзіць на выклікі.

А вось рэальных участковых і даішнікаў бракуе. Думаю, такое па ўсёй краіне. Бо ніхто ня хоча так працаваць, як яны.