Юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка – пра апошні суд Аляксандра Асіповіча.

У Магілёўскай вобласці з’явіўся яшчэ адзін смяротнік

14 мая калегія Вярхоўнага суда прыняла рашэнне пакінуць у сіле прысуд Магілёўскага абласнога суда ў дачыненні да Аляксандра Асіповіча. Застаецца або памілаванне ад імя прэзідэнта, або расстрэл.

Сапелка, аналізуючы ход справы Асіповіча і непасрэдна паседжанне Вярхоўнага суда, заявіў, што вынясенне смяротнага прысуду ў Беларусі – гэта парушэнне не толькі права на жыццё, але часцяком і права на справядлівы суд, а таксама на абарону.

Кожны прысуд і кожная справа такога роду выкрываюць цэлы комплекс праблем. У першую чаргу, гаворка ідзе аб парушэнні права на жыццё, – цытуе Сапелку spring96.org.

Другая праблема, па словах юрыста, гэта выкананне права на справядлівы суд:

– Калі мы слухаем Асіповіча, то мы даведваемся пра тое, што ў яго адзін за адным мяняліся абаронцы. Напрыклад, на першых трох яго допытах у якасці падазраванага ў яго было тры розных абаронцы. Вядома ж, ён не мог усталяваць з імі нармальны працоўны кантакт і атрымаць ад іх рэальную юрыдычную дапамогу.

На судзе Аляксандра Асіповіча, распавядае Сапелка, людзі чулі, як разглядаюцца тыя хадайніцтвы, якія ён заяўляе.

– Ён дастаткова абгрунтавана просіць пра тое, каб матэрыялы яго крымінальнай справы былі дапоўнены новымі доказамі, каб суд па-іншаму паглядзеў на раней атрыманыя. А як рэагуе Вярхоўны суд? Ён адмаўляе ў задавальненні хадайніцтва аб прызначэнні дадатковых экспертыз, што магло б у корані памяняць падыход да гэтай справы. І адмаўляе без якога-небудзь абгрунтавання. Адмова ў правядзенні экспертызы проста таму, што яе праводзіць не трэба – гэта не абгрунтаванне, – лічыць праваабаронца.

Сапелка сцвярджае, “што смяротны прысуд вынесены з парушэннем права на жыццё, таму што суправаджаўся відавочнымі і шматлікімі парушэннямі правоў абвінавачанага”.