HBO, трэба ехаць!

Актывісты з ініцыятыўнай групы па ўвекавечанні памяці Алеся Адамовіча накіравалі запрашэнне стваральнікам серыяла “Чарнобыль” на адкрыццё бюста пісьменніка. Яно павінна адбыцца ў верасні, паведаміў тэлеканал «Беларусь 4».

Менавіта Алесь Адамовіч стаў першым пісьменнікам, які маштабна і, наколькі магчыма, праўдзіва апісаў ўзровень катастрофы, якая здарылася на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч, на чыю кнігу «Чарнобыльская малітва», у тым ліку, арыентаваліся сцэнарысты HBO, называла Адамовіча адным са сваіх настаўнікаў.

Актывісты спадзяюцца, што стваральнікі серыяла “Чарнобыль” скарыстаюцца іх запрашэннем і наведаюць ўрачыстыя мерапрыемствы ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна, дзе пахаваны беларускі пісьменнік.

На сённяшні дзень, пяцісерыйны міні-серыял “Чарнобыль” – самы паспяховы серыял у гісторыі. Ён быў створаны ў 2019 годзе амерыканскім тэлеканалам HBO сумесна з брытанскай тэлесеткай Sky. Серыял быў зняты на тэрыторыі Літвы, у прыватнасці, на Ігналінскай АЭС.

«Чарнобыль» па стане на чэрвень 2019 года займае першы радок сярод лепшых серыялаў і тэлешоў па дадзеных сэрвісу IMDb.